27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне арганізацыі службы навін Еўрапейскіх гульняў разгледзелі на семінары для прэс-сакратароў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і еўрапейскіх спартыўных федэрацый, які адбыўся ў Мінску ў час падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дырэкцыі гульняў.
Служба навін на буйнейшых спартыўных форумах у яе цяперашнім разуменні існуе з часоў правядзення летніх Алімпійскіх гульняў 2000 года ў Сіднеі. На Алімпіядах, Паралімпіядах, Еўрапейскіх гульнях журналісты разлічваюць на гэты сэрвіс, адзначыла вядучы спецыяліст упраўлення па камунікацыях, сувязях з грамадскасцю і СМІ дырэкцыі Алена Смірнова. Прыязджаючы на спаборніцтвы, работнікі СМІ мяркуюць, што не ўсе падзеі ім удасца наведаць з-за дэфіцыту часу. У гэтым выпадку ім на дапамогу прыходзіць служба навін, якая рыхтуе матэрыялы з усіх пляцовак. Такі сэрвіс высока ацэньваюць усе сусветныя СМІ, якія асвятляюць мультыспартыўныя мерапрыемствы.
На семінары дэталёва абмеркавалі работу прэсы ў час маючага адбыцца форуму ў залежнасці ад катэгорыі акрэдытацыі: E (журналісты, блогеры), EP (фатографы), ENR (супрацоўнікі радыё- і тэлекампаній, якія не маюць правоў вяшчання). З тэматычнымі прэзентацыямі, што адлюстроўваюць розныя аспекты работы акрэдытаванай прэсы, выступілі работнікі ўпраўлення па камунікацыях, сувязях з грамадскасцю і СМІ фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года".
Прэзентацыі па розных напрамках падрыхтавалі і прадстаўнікі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), спартыўных PR-агенцтваў. Удзельнікі наведалі міжнародныя тэставыя спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы ў "Мінск-Арэне".