9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турысты пачалі ўжо браніраваць месцы ў беларускіх аграсядзібах на час II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня, паведаміла сёння журналістам старшыня БГА "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аграсядзібы ўжо рыхтуюцца да прыёму турыстаў у дні спаборніцтваў, некаторыя госці плануюць правесці ў сядзібах па некалькі тыдняў. У сувязі з Еўрагульнямі ў бягучым годзе плануецца перанесці тэрміны правядзення Дня адкрытых дзвярэй у аграсядзібах - традыцыйна гэта мерапрыемства праводзіцца ў маі, але цяпер яго хочуць арганізаваць у чэрвені.
Цяпер цэны на адны суткі ў аграсядзібе са снеданнем пачынаюцца ад $7-10, а ў сярэднім складаюць $20-25. Тэндэнцыі да росту цэн цяпер няма, канстатавала старшыня БГА "Адпачынак у вёсцы". Таму ў час II Еўрапейскіх гульняў аграсядзібы могуць быць добрай альтэрнатывай гасцініцам, лічыць Валерыя Кліцунова.
Паводле слоў намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталя Грыцэвіча, цяпер агратурыстычны рынак расце не такімі бурнымі тэмпамі, як раней, затое асартымент паслуг, што прапануюцца сядзібамі, становіцца больш разнастайным. У Мініспорту разлічваюць, што аграэкатурызм у 2019 годзе прыцягне ў краіну яшчэ больш гасцей, і павелічэнне турпатоку адбудзецца ў тым ліку дзякуючы II Еўрапейскім гульням. Віталь Грыцэвіч пацвердзіў, што на спаборніцтвы прыедзе каля 50 тыс. удзельнікаў і турыстаў. "Чакаецца, што на гульні прыбудзе каля 18 тыс. афіцыйных асоб. Па выніках праведзенага разам з дырэкцыяй гульняў аналізу мы таксама бачым, што менавіта турыстаў, балельшчыкаў прыедзе яшчэ каля 30 тыс.", - расказаў ён.
Старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Валожынскага раёна, уладальнік аграсядзібы "Ганка" Анатоль Ганец расказаў, што 2018 год па колькасці прынятых турыстаў супастаўны з папярэднімі. Пры гэтым доля еўрапейскіх турыстаў у беларускіх аграсядзібах расце, з Расіі іх стала менш. "Каб гэта дзейнасць давала даход, неабходна кожны год рабіць нешта новае, незвычайнае. Кожная сядзіба павінна мець сваю адметнасць і папулярызаваць сябе, каб людзі з задавальненнем прыязджалі", - лічыць Анатоль Ганец.