12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяжкую атлетыку і стральбу з лука плануюць уключыць у праграму II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, расказаў сёння журналістам намеснік старшыні каардынацыйнай камісіі ЕАК, прэзідэнт НАК Харватыі Златка Мацеша, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размова аб гэтым ішла на рабочай нарадзе па правядзенні Еўрагульняў-2019 у НАК Беларусі, у якім разам з членамі каардынацыйнай камісіі ЕАК прынялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.
Златка Мацеша падкрэсліў наяўнасць у Беларусі неабходнай інфраструктуры для правядзення маштабных спартыўных мерапрыемстваў і высокую ступень узаемаразумення з беларускім бокам. "Мы робім адну справу і аднадушныя з беларусамі па многіх пытаннях. Сёння мы абмеркавалі спартыўную частку і па ініцыятыве беларускага боку плануем уключыць у праграму Еўрагульняў цяжкую атлетыку. Таксама можа быць прадстаўлена на Еўрагульнях-2019 і стральба з лука. Агульная колькасць атлетаў на маючых адбыцца спаборніцтвах не павінна перасягаць 4 тыс.", - расказаў ён.
Адзін з ключавых пунктаў у пагадненні па правядзенні Еўрагульняў - аптымізацыя расходаў. "З улікам прапановы ўключыць у праграму яшчэ два віды спорту неабходна скарэкціраваць нашы пазіцыі. У любым выпадку колькасць спартсменаў, як ужо агучыў прадстаўнік ЕАК, не павінна перавышаць 4 тыс. удзельнікаў. Абмяркоўвалі таксама базавую структуру і ключавыя фігуры ў аргкамітэце Еўрагульняў", - адзначыў саветнік НАК Беларусі Георгій Катулін. Канчаткова спаборніцкая праграма будзе зацверджана пасля падпісання пагаднення аб правядзенні Еўрагульняў.
Георгій Катулін таксама расказаў аб планах аргкамітэта Еўрагульняў-2019 у канцы мая наведаць Скоп'е (Македонія), дзе адбудзецца пасяджэнне Выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, пасля якога можа быць падпісаны кантракт з ЕАК на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.
Сёння ў Мінску з інспекцыйным візітам знаходзіцца каардынацыйная камісія ЕАК, якая вывучае ход падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў. Прадстаўнікі ЕАК азнаёміліся з умовамі пражывання ў Студэнцкай вёсцы па праспекце Дзяржынскага, наведалі рэканструюемы стадыён "Дынама", Футбольны манеж, дзе плануецца размясціць галоўны прэс-цэнтр Еўрагульняў.