З моманту аб'яўлення Мінска сталіцай II Еўрапейскіх гульняў прайшло 2,5 года. За гэты кароткі тэрмін арганізатары паспелі падрыхтаваць спарткомплексы і ўсю адпаведную інфраструктуру да маючых адбыцца важных стартаў па сусветных стандартах. Замежныя эксперты ў час інспекцыйных візітаў у сталіцу Беларусі не раз выказвалі здзіўленне высокімі тэмпамі работ пры падрыхтоўцы да гульняў. У гэтым няма ніякага сакрэту. Беларускі бок на момант атрымання мультыспартыўнага форуму ўжо меў сур'ёзны вопыт правядзення буйных міжнародных стартаў і быў упэўнены ў магчымасці ў сціслыя тэрміны арганізаваць маштабны форум.
Сапраўды, спартыўная інфраструктура Мінска за апошнія 15 гадоў кардынальна змянілася. Калі ў пачатку 2000-х у сталіцы Беларусі вялікія афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы маглі прыняць толькі стадыён "Дынама" і Палац спорту, то на II Еўрапейскіх гульнях будзе задзейнічана 12 аб'ектаў. За кароткі тэрмін Мінск ператварыўся ў адну са сталіц сусветнага спорту.
Прадстаўнікі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, міжнародных федэрацый па розных відах спорту ў час шматлікіх візітаў былі прыемна ўражаны гатоўнасцю спартыўных аб'ектаў задоўга да пачатку мультыспартыўнага форуму.
Паводле слоў выканаўчага дырэктара Еўрапейскіх гульняў Саймана Клега, шэфы місій, прадстаўнікі прэс-службаў НАК перакананы ў добрых умовах, створаных у Мінску для правядзення Еўрапейскіх гульняў. Кіраўнік аддзела Алімпійскага камітэта Расіі Леў Савін таксама адзначыў выдатную гатоўнасць беларускай сталіцы. "Я ўжо не першы раз у Мінску і магу сказаць, што гэты горад прыемна здзіўляе мяне зноў і зноў. Бачны высокі ўзровень гатоўнасці аб'ектаў і прапрацоўкі многіх пытанняў. Упэўнены, што II Еўрапейскія гульні ў Мінску пройдуць на самым высокім узроўні, а з пункту гледжання цікавасці балельшчыкаў і паказаных вынікаў гульні цалкам могуць перасягнуць папярэднія", - сказаў ён.
Адным з цэнтральных аб'ектаў II Еўрапейскіх гульняў стане мінскі стадыён "Дынама", які за кароткія тэрміны быў сур'ёзна рэканструяваны і запатрабаваны для правядзення міжнародных стартаў. Легендарны "Дынама" прыме цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў, тут таксама пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.
Больш вядомым аб'ектам будучых гульняў, безумоўна, будзе "Мінск-Арэна". Гэты комплекс добра знаёмы не толькі балельшчыкам, але і многім па правядзенні канцэртаў сусветных зорак. 15-тысячная арэна ў час II Еўрапейскіх гульняў прыме адразу пяць відаў (аэробіка, акрабатыка, мастацкая гімнастыка, спартыўная гімнастыка і скачкі на батуце), пацвярджаючы сваю шматпрофільнасць.
"Чыжоўка-Арэна", пабудаваная да чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года, прыме спаборніцтвы па дзюдо і каратэ. Абодва віды адзінаборстваў вызначаюцца высокай наведвальнасцю, і 7-тысячны комплекс у адным з самых маляўнічых раёнаў Мінска здольны ўмясціць балельшчыкаў і замежных гасцей.
Гарачыя баталіі будуць кіпець у самым цэнтры беларускай сталіцы - у спартыўна-аздараўленчым комплексе "Алімпійскі". Як заявілі арганізатары, усе білеты на стральбу з лука і пляжны футбол прададзены ўжо, што сведчыць пра высокую цікавасць да гэтых відаў.
Арганізатарам II Еўрапейскіх гульняў не давялося траціць значныя сродкі на ўзвядзенне Вёскі спартсменаў. Для размяшчэння больш як 4 тыс. атлетаў задзейнічаны комплекс па вул. Чурлёніса. Удзельнікі спартыўнага форуму ўжо размяшчаюцца ў вёсцы, дзе абсталяваны медыцынскі і акрэдытацыйны цэнтры і сучасны комплекс для харчавання, здольны прыняць 2 тыс. чалавек. Кожны дзень спартыўным дэлегацыям будзе прапанавана як мінімум 250 розных страў, прыгатаваных з беларускіх прадуктаў. Пункт харчавання будзе працаваць круглыя суткі, у ім задзейнічана каля 650 супрацоўнікаў.
Запамінальнай у час мультыспартыўнага форуму стане і культурная праграма II Еўрапейскіх гульняў, якая ўжо стартавала ў маі. Часткай культурнай праграмы гульняў і маштабнага праекта "Еўрапейскія гульні - еўрапейскае мастацтва" стала выстава ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў "Казімір Малевіч і XXI стагоддзе", у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага выстава гістарычнага фехтавання "Еўрапейскія баявыя мастацтвы. Ад кузні Вулкана да мастацтваў Марса". З 21 чэрвеня ў Мінскай гарадской ратушы наведвальнікі змогуць убачыць найбуйнейшую ў свеце прыватную калекцыю ўнікальных алімпійскіх артэфактаў. Усяго запланавана больш за 50 культурных мерапрыемстваў, прысвечаных II Еўрапейскім гульням.
Выставы вядомых беларускіх мастакоў, музычныя шоу, паказы ў Верхнім горадзе - усё гэта змогуць убачыць ўдзельнікі і балельшчыкі стартуючай падзеі.
Значнае месца ў правядзенні мультыспартыўнага форуму зоймуць фан-зоны. Галоўнай пляцоўкай для балельшчыкаў стане спецыяльная зона адпачынку каля сталічнага Палаца спорту, якая будзе працаваць з 10.00 да 0.00, а ў дні цырымоній адкрыцця і закрыцця - да 4.00. У дзень адкрыцця гульняў, 21 чэрвеня, вядомыя калектывы і музыканты з Беларусі і Еўропы выступяць на галоўнай фан-пляцоўцы. У розныя дні там пройдуць дні нацыянальных культур краін - удзельніц гульняў з іх культурнай праграмай, будуць працаваць пляцоўкі з паказальнымі выступленнямі ад Беларускай федэрацыі петанка і Беларускага грамадскага аб'яднання традыцыйных відаў барацьбы. Мноства забаў чакае і маленькіх балельшчыкаў - у міні-фан-зоне, арганізаванай сумесна з ЮНІСЕФ.
Пабалець за любімых атлетаў, паслухаць вядомых артыстаў можна будзе і каля "Мінск-Арэны". Плануецца, што хэдлайнерамі фан-зоны стануць выканаўцы Arston, UCast, Laurel, Fedorovsky, Magic Sound, Shane, Groove Dealers, Intelligency, GodsGiven, Shuma, Tempo Bay, Аляксандр Патліс і група "Новы Іерусалім", Ян Яраш, Drum Ecstasy, Palladium Electrik Band, Alen Hit, Тэа, Жанет, а таксама заслужаныя артысты Беларусі Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева і кавер-бэнды "Хардзі-Гардзі", "Баварыя", "Іншамаркі", "Мінскае мора", GreenLandia. Таксама тут у розныя дні пройдуць майстар-класы па фітнесе і інтэлектуальныя шоу аб мультыспартыўным форуме. З 21 па 30 чэрвеня фан-зона ля "Мінск-Арэны" будзе працаваць з 10.00 да 23.30, а ў дні адкрыцця і закрыцця спартыўнага форуму - да 1.00.
Ля "Чыжоўка-Арэны" на сцэну ў розныя дні выйдуць Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Тэа, Герман, Саша Нэма, Аляксей Хлястоў, Ірына Ігнацюк, Mikita, групы "Аўра", "Цягні-Штурхай", "Дразды", "Стары Ольса", "Топлес", "Дзядзька Ваня і пляменнікі", Las-Vegas. Таксама культурныя мерапрыемствы пройдуць на сямі фан-зонах ў рэгіёнах краіны.
Харчаванне ў фан-зонах II Еўрапейскіх гульняў арганізавана ў фармаце стрыт-фуд, усяго размешчана каля 2 тыс. пасадачных месцаў. Напрыклад, на 180-метровым фуд-корце ў фан-зоне ля Палаца спорту размесціцца 14 аб'ектаў грамадскага харчавання на 1 тыс. пасадачных месцаў. Свае пункты прадставяць пасольствы Грузіі, Італіі і Турцыі, дзе можна будзе пакаштаваць нацыянальныя стравы гэтых краін. У фан-зоне ля "Мінск-Арэны" будуць працаваць пяць гандлёвых кропак і столькі ж фуд-тракаў. Каля "Чыжоўка-Арэны" для наведвальнікаў таксама будуць размешчаны пяць аб'ектаў харчавання - на 560 пасадачных месцаў.
Паблізу стадыёна "Дынама", дзе чакаецца вялікі наплыў наведвальнікаў, будзе арганізаваны кірмаш "Лета на вуліцы Кастрычніцкай". З дня адкрыцця да закрыцця гульняў на ўчастку вуліцы з 12.00 да 24.00 каля 20 арганізацый прадставяць сваю кухню для балельшчыкаў.
Вядома, такая маштабная падзея не магла не закрануць схемы руху асабістага і грамадскага транспарту. Змяненне схем руху 30 маршрутаў адбудзецца 22, 23, 24 і 25 чэрвеня, што звязана з правядзеннем велагонак. Так, 22 чэрвеня перакрыюць цэнтральную частку горада з 9.30 да 16.30, а 23-га - з 9.00 да 17.30. Будзе скарэкціравана работа больш як 2 тыс. рэйсаў грамадскага транспарту. 24 і 25 чэрвеня закрыюць вуліцы Няміга, Раманаўская Слабада і Ціміразева, з-за чаго зменяцца схемы 38 маршрутаў, скарэкціраваны больш за 3 тыс. рэйсаў. У асноўным яны будуць перанакіраваны на вуліцы Арлоўская, К.Цэткін і Кальварыйскую.
У той жа час рэжым работы транспарту будзе значна павялічаны. Спецыяльна для зручнасці жыхароў і гасцей беларускай сталіцы, якія хочуць прасачыць за спартыўнымі баталіямі, гарадскі грамадскі транспарт будзе развозіць гараджан і гасцей сталіцы да 5.00. Мінскі метрапалітэн у дні, калі фан-зоны будуць адкрытыя да 4.00 (гэта значыць 19, 21 і 30 чэрвеня), будзе працаваць да 4.30, але ўваход у падземку закрыюць у 4.10.
Хутчэй дабрацца да вузлавых станцый балельшчыкам дапамогуць экспрэс-маршруты. Спецыяльныя аўтобусы будуць курсіраваць ад "Мінск-Арэны" да станцый метро "Пушкінская", "Няміга" і "Акадэмія навук" і назад, ад "Чыжоўка-Арэны" - да станцыі метро "Аўтазаводская", ад ціра імя Цімашэнкі - да станцыі метро "Уручча".
Акрамя таго, для транспарту II Еўрапейскіх гульняў на праспектах Дзяржынскага і Пераможцаў, на вуліцы Няміга адведзены спецыяльныя палосы. Яны адрозніваюцца адпаведнай суцэльнай разметкай, візуалізаваны літарай А і лагатыпам Еўрапейскіх гульняў.
Зменены графікі рэжымаў работы святлафораў на шляху руху транспарту Еўрапейскіх гульняў. Частка левых паваротаў на праспекце Дзяржынскага з боку МКАД да вуліцы Няміга закрыта. Гэта датычыцца паваротаў на вуліцы Голубева, Уманскую, Ясеніна, Шчорса і Хмялеўскага. Кампенсацыйныя левыя павароты рэалізаваны шляхам вынясення праз правы паварот - у раёне абазначаных скрыжаванняў неабходна павярнуць направа, даехаць да разрыву, зрабіць там разварот і прадоўжыць рух, перасякаючы праспект Дзяржынскага. Іншы варыянт - развярнуцца на бліжэйшых шматузроўневых развязках. Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца ўезду на праспект Пераможцаў з Нямігі, які будзе ажыццяўляцца толькі для транспарту, задзейнічанага для забеспячэння гульняў, і грамадскага транспарту.
Такім чынам, падрыхтоўка да старту II Еўрапейскіх гульняў, якая заняла крыху больш як два гады, праведзена грунтоўна. Для балельшчыкаў і гасцей Мінска будучыя дзесяць дзён форуму, як абяцаюць арганізатары, стануць аднымі з самых яркіх і запамінальных у спартыўнай гісторыі еўрапейскага кантынента.
Аляксандр ЖЫБУЛЬ,
БЕЛТА.