15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Школьныя дзённікі ў новым навучальным годзе ў Беларусі будуць упрыгожаны лагатыпам II Еўрапейскіх гульняў, паведамляе БЕЛТА.
Узоры вокладак дзённікаў, узгодненых і рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі да 2018/2019 навучальнага года, размешчаны на сайце ведамства. Лагатып, а таксама афіцыйны дэвіз Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты") ёсць на дзённіках Брэсцкай і Гродзенскай друкарняў, Барысаўскай узбуйненай друкарні імя 1 Мая.
Традыцыйна на вокладках можна ўбачыць знакавыя архітэктурныя помнікі, сімвалы Беларусі - бусла, васількоў. На некаторых узорах дзённікаў размешчаны нацыянальны арнамент, выцінанка.
Як паведамлялася, ідэяй для стварэння лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў стаў лозунг "Ідзі за марай". Пра мару расказвае нацыянальная легенда - пра цудоўную папараць-кветку, якая цвіце ў летнюю ноч на Івана Купалу. І ў таго, хто зможа яе знайсці, здзейсняцца ўсе жаданні і мары. Так і атлеты з усіх куткоў Еўропы збяруцца ў Мінску ў чэрвені 2019 года, ідучы за сваёй марай, каб атрымаць каштоўную ўзнагароду.
Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. I Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку, на якіх беларускія атлеты заваявалі 43 узнагароды.