13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя афіцыйнага талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў - 2019 адбудзецца ў адным са сталічных кінатэатраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года".
"Ужо з 15 лістапада ва ўсіх кінатэатрах Silver Screen перад пачаткам сеансаў пачнуць дэманстраваць рэкламныя тызеры Еўрагульняў. Акрамя таго, згодна з заключаным дагаворам аб супрацоўніцтве, у сетку паступяць у продаж фірменныя сувеніры ІІ Еўрапейскіх гульняў, частка з якіх будзе эксклюзіўна прадстаўлена толькі ў гэтых кінатэатрах", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Адзначаецца, што ў рамках узаемнага супрацоўніцтва адзін з кінатэатраў сеткі стане пляцоўкай, дзе адбудзецца афіцыйная прэзентацыя пераможцы адкрытага конкурсу на вызначэнне талісмана Еўрагульняў, прыём заявак па якім завершыцца 15 лістапада 2017 года.
У дырэкцыі падкрэслілі, што гэта супрацоўніцтва разглядаецца як стратэгічны крок, на прыкладзе якога будзе прадэманстравана ўсебаковая ўключанасць партнёраў у адно з самых маштабных спартыўных мерапрыемстваў у гісторыі Беларусі.