28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка інфраструктуры Мінска да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года разгледжана 28 ліпеня на чарговым пасяджэнні рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта пад старшынствам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
"Разгледжаны пытанні падрыхтоўкі інфраструктуры Мінска да правядзення II Еўрапейскіх гульняў, фінансавання мерапрыемстваў па падрыхтоўцы гульняў, набыцця сістэмы сканіравання білетаў і размяшчэння дырэкцыі па правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", - адзначылі ў прэс-службе.
Андрэй Кабякоў праінфармаваў, што кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прапановы аргкамітэта па канцэпцыі брэнда ІІ Еўрапейскіх гульняў, яму былі даложаны падыходы па відах спорту і асноўных палажэннях кантракта.
Акрамя таго, прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што неабходна выпрацаваць дакладныя падыходы да фінансавання расходаў на правядзенне гульняў. "Лішніх грошай у бюджэце няма. Расходы будуць толькі на самае неабходнае, таму прашу ўсё падлічваць дэталёва, абгрунтоўваць кожны рубель, шукаць іншыя рэзервы, працаваць над зніжэннем кошту абсталявання і паслуг. Да гэтых пытанняў трэба ставіцца вельмі адказна", - цытуе прэс-служба кіраўніка ўрада.
Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года прайшло ў Мінску. Афіцыйным дэвізам II Еўрагульняў стане выказванне Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). Таксама будзе руская варыяцыя лозунга - "Время ярких побед" і беларуская - "Час яскравых перамог".