21 снежня, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Новыя спартыўныя аб'екты пабудуюць у Мінску да Еўрапейскіх гульняў, паведаміў сёння журналістам старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша галоўная задача - пабудаваць лёгкаатлетычны стадыён "Дынама", дзе будзе праходзіць цырымонія адкрыцця, мы яго да канца наступнага года ўвядзём. Другі аб'ект - Цэнтр мастацкай гімнастыкі, яго ўвод намечаны на сярэдзіну 2018 года. Гэта будзе сапраўды ўпрыгажэнне горада", - адзначыў Андрэй Шорац.
Ён праінфармаваў, што створаны арганізацыйны камітэт па правядзенні Гульняў, абмяркоўваюцца аб'екты, якія могуць быць задзейнічаны ў правядзенні спартыўных спаборніцтваў. Пры падрыхтоўцы да значнай спартыўнай падзеі будзе ўлічаны станоўчы вопыт праведзенага ў 2014 годзе чэмпіянату свету па хакеі. Прадугледжваецца таксама арганізаваць зоны гасціннасці.
Гарадскія ўлады разлічваюць, што ў гэты перыяд у Мінск прыедзе вялікая колькасць гасцей.
Права правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе Беларусь атрымала на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якое ў кастрычніку бягучага года адбылося ў Мінску. Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі з 12 па 28 чэрвеня 2015 года ў сталіцы Азербайджана.