20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартыўныя аб'екты, Вёска атлетаў, уся інфраструктура Мінска, валанцёры цалкам гатовы да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня каардынацыйнай камісіі ЕАК па правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў Спірас Капралас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спірас Капралас адзначыў, што ў апошнія гады вельмі часта бываў у Мінску і заўважыў, як абнавіліся спартыўныя аб'екты, Вёска атлетаў. "Мы бачым, што праведзена вялікая работа, і ўпэўнены, што будучыя гульні будуць цудоўнымі, - сказаў ён. - Ужо прыбыўшы ў аэрапорт, адчуваеш, што горад жыве гульнямі, а бліжэй да цэнтра беларускай сталіцы гэта адчуванне толькі ўзмацняецца. Нават той, хто ўпершыню трапіў у Мінск, можа лёгка знайсці патрэбны яму аб'ект - усюды размешчаны вельмі зручныя паказальнікі з лагатыпам гульняў".
Старшыня камісіі таксама асабліва адзначыў Вёску атлетаў, дзе ўжо жывуць прадстаўнікі 50 краін Еўропы. Там створана выдатная абстаноўка, спартсмены могуць размаўляць паміж сабой і знаходзіць новых сяброў з розных краін. Атлеты, якія прадстаўляюць розныя віды спорту і краіны, падкрэсліваюць, што арганізатары падрыхтавалі выдатнае меню, у якім кожны можа знайсці стравы на свой густ.
Беларусь і да гэтага на найвышэйшым узроўні прымала спаборніцтвы самага высокага класа, але цяперашні мультыспартыўны форум, калі адначасова спаборнічаюць атлеты ў 15 відах спорту, для беларусаў у навінку. Аднак Спірас Капралас упэўнены, што і гэта спартыўнае свята стане грандыёзнай падзеяй, якая запомніцца ўсім яго ўдзельнікам. Пры гэтым ён заўважыў, што пасля заканчэння гульняў усе спартыўныя аб'екты, а таксама Вёска спартсменаў застануцца ў распараджэнні жыхароў Беларусі і паслужаць для заняткаў спортам.
Урачыстая цырымонія адкрыцця мультыспартыўнага форуму адбудзецца 21 чэрвеня на стадыёне "Дынама". На гэтай арэне пройдуць таксама спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, а 30 чэрвеня - цырымонія закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. У спаборніцтвах у беларускай сталіцы прымуць удзел больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 краін, якія разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.