18 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларускія атлеты проста абавязаны прадэманстраваць лепшыя здольнасці на II Еўрапейскіх гульнях. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб развіцці летніх відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускіх спартсменаў наперадзе чакаюць два важныя і строгія экзамены - II Еўрапейскія гульні 2019 года і Алімпіяда ў Токіа ў 2020 годзе.
"На дамашніх арэнах, пры падтрымцы беларускіх гледачоў нашы атлеты проста абавязаны прадэманстраваць свае лепшыя здольнасці. Гэта датычыцца і 2020 года ў Токіа. Трэба перамагаць! Народ стаміўся чакаць вынікаў у гэтай сферы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў, ён канстатаваў, што ўжо шмат чаго зроблена, але ёсць і нявырашаныя пытанні. "Неабходна прывесці ў парадак спартыўную інфраструктуру, улічыць усе нюансы, звязаныя з лагістыкай, харчаваннем, медыцынскім суправаджэннем і забеспячэннем бяспекі ўдзельнікаў і гасцей гульняў, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Грошы, якія выдзяляюцца на гульні, павінны застацца ў краіне".
Прэзідэнт запатрабаваў прадумаць усё да дробязей, паколькі да гэтага маштабнага мерапрыемства будзе прыкавана пільная ўвага мільёнаў спартыўных балельшчыкаў, і па ім будуць меркаваць аб краіне. "Але не менш важны і спартыўны вынік", - нагадаў ён. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што II Еўрапейскія гульні будуць экзаменам для кіраўнікоў некаторый федэрацый і трэнераў.
"Хацеў бы сёння пачуць ад вас, як будзем дабівацца медалёў і вынікаў. Вашы выказванні і размовы аб тым, што вы здзейснілі нейкія подзвігі, пакіньце сабе. Адно пытанне: калі будзе вынік?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб папулярызацыі спорту ў масах, Прэзідэнт падкрэсліў, што ён павінен быць модным і прэстыжным захапленнем, паколькі павышае якасць жыцця, вучыць працаваць у камандзе і дабівацца поспеху. "Калі адцягнем увагу нашых малышоў і падлеткаў ад камп'ютараў, смартфонаў, то захаваем ім здароўе. Тут вялікую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі, якія павінны падтрымліваць цікавасць да здаровага ладу жыцця", - лічыць ён.
Праўда, у час спартыўных тэлетрансляцый беларускі глядач часта бачыць пустыя трыбуны, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Дзе арганізатары? Няўжо цяжка запрасіць пенсіянера, даць яму бясплатны білет, інваліда туды прывесці - можа, гэта адзіная для яго радасць, дзетак запрасіць. Запрасіць, а не заганяць. Каб людзі бачылі гэтыя прыклады, як трэба змагацца, перамагаць, і каб дзеці самі да гэтага імкнуліся", - дадаў кіраўнік дзяржавы.