28 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. На цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў рэалізавана ўжо больш за 50 працэнтаў білетаў, паведаміў начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Максім Кашкалда на інфармацыйнай сустрэчы ў Гомельскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цэлым жа з агульнай колькасці паступіўшых у продаж білетаў на 120 сесій рэалізавана звыш 40 працэнтаў. "Продажы ідуць даволі бойка", - канстатаваў Максім Кашкалда.
Паводле яго слоў, жаданне далучыцца да галоўнай мультыспартыўнай падзеі Еўропы 2019 года выказалі прадстаўнікі ўжо 28 краін.
Самыя папулярныя сесіі, акрамя цырымоній адкрыцця і закрыцця, - спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, пляжным футболе, мастацкай гімнастыцы і акрабатыцы, каратэ, на якія таксама прададзена ўжо 50 працэнтаў і больш білетаў.
Максім Кашкалда расказаў, што на гэты момант агульная колькасць пасадачных месцаў у білетнай праграме запланавана на ўзроўні 384 тыс. "Пры павышаным попыце на асобныя дысцыпліны, якія праходзяць у "Мінск-Арэне" і "Чыжоўка-Арэне", мы зможам адкрыць дадатковыя ярусы і такім чынам павялічыць колькасць пасадачных месцаў да 535 тыс.", - дадаў ён.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.