27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Здымачная група тэлеканала "Еўраньюс" падрыхтавала сюжэт, прысвечаны II Еўрапейскім гульням, якія пройдуць 21-30 чэрвеня ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года".
У сюжэце расказваецца пра гісторыю горада, стравы традыцыйнай беларускай кухні і падрыхтоўку да буйнейшага ў сучаснай гісторыі Беларусі мультыспартыўнага форуму. Зорныя паслы II Еўрапейскіх гульняў Дар'я Домрачава і Марыя Васілевіч паказалі журналістам свае любімыя месцы для адпачынку ў Мінску.
Раней на канале медыяхолдынга ўжо выходзіла прома-відэа пра Беларусь і II Еўрапейскія гульні.
"Еўраньюс" - еўрапейскі штодзённы кругласутачны інфармацыйны тэлеканал, які вядзе вяшчанне на 12 мовах у больш як 160 краінах. Аўдыторыя канала перасягае 430 млн чалавек.