28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў на стадыён "Дынама", дзе праходзіць фінал каманднага турніру па лёгкай атлетыцы II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя зборнай Беларусі за перамогу ў фінале спаборнічалі атлеты з Францыі, Італіі, Чэхіі, Украіны і Германіі.
Фінальныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы выклікалі вялікую глядацкую цікавасць. Спаборніцтвы праходзілі пры практычна поўных трыбунах шматтысячнага стадыёна і актыўнай падтрымцы балельшчыкаў.
Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на стадыёне і ў час ўзнагароджвання атлетаў. Беларуская каманда па выніках спаборніцтваў заваявала сярэбраныя медалі, толькі крыху ўступіўшы зборнай Украіны. Разам з тым беларускія спартсмены першынствавалі ў пяці з васьмі спаборніцтваў і на момант фінальнай эстафеты праследавання абедзве каманды мелі аднолькавую колькасць балаў. На трэцяй прыступцы п'едэстала размясціліся спартсмены з Германіі.
Фармат турніру прадугледжвае выступленне ў васьмі відах, па выніках кожнага налічваюцца ачкі, а ў дзявятым, эстафеце праследавання, каманды стартавалі ў залежнасці ад адставання ў агульным заліку. Гэты новы фармат спаборніцтваў атрымаў назву "Дынамічная новая лёгкая атлетыка" (DNA).
Як паведамлялася БЕЛТА, напярэдадні кіраўнік дзяржавы наведаў спаборніцтвы па веславанні, у ходзе якіх беларускія спартсмены значна папоўнілі скарбонку каманды залатымі медалямі спартыўнага форуму.