15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праведзеныя ў Мінску II Еўрапейскія гульні сталі ўкладам у здароўе нацыі. Такое меркаванне выказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне аб выніках спартыўных спаборніцтваў, міністр адзначыў, што краіна толькі выйграла ад іх правядзення. "Мы ў любым выпадку зарабілі. Давайце паглядзім, што зроблена ў дзяржаве. Адрамантаваны і рэканструяваны многія спартыўныя аб'екты, палепшана транспартная інфраструктура, горад змяніўся, у аб'ёме 100 працэнтаў закуплены інвентар для ўсіх відаў спорту, якія былі прадстаўлены. Усё гэта застанецца ў краіне", - сказаў ён.
"Але самае галоўнае - мы атрымалі каласальны і бясцэнны вопыт правядзення спартыўных спаборніцтваў. Мы такога ўзроўню спаборніцтва ніколі не праводзілі ў краіне, - падкрэсліў Сяргей Кавальчук. - Гэта ўклад у сацыяльную сферу, уклад у здароўе нацыі. Таму вельмі важна для нас". Паводле яго слоў, пасля II Еўрапейскіх гульняў замежныя калегі выказваюць меркаванні, што Беларусь магла б прыняць і Алімпійскія гульні.
Беларускімі спартсменамі на гульнях заваявана 69 медалёў. Гэта дастойны рэзультат. "Мы ставілі сабе задачу - 46 медалёў па розных спартыўных дысцыплінах. 23 медалі плюс - напэўна, гэта поспех для нашай краіны, - сказаў Сяргей Кавальчук. - Каманды былі сканцэнтраваны. Усе спартсмены рыхтаваліся, як да важнейшага спаборніцкага этапу гэтага года".
Міністр нагадаў, што Прэзідэнт віншаваў беларускіх пераможцаў гульняў. "І ў вуснай форме прэс-сакратар штодзень званіла прызёрам гульняў, віншавала кожнага з іх", - адзначыў ён.
Сяргей Кавальчук таксама расказаў аб запаўняльнасці фан-зон і спартыўных аб'ектаў у час II Еўрапейскіх гульняў. Штодзень каля Палаца спорту праз КПП праходзіла амаль 20 тыс. чалавек. А ў пікавыя спаборніцкія дні 25-27 чэрвеня гледачамі былі запоўнены практычна ўсе спартыўныя аб'екты.
Гаворачы аб зробленых пасля гульняў вывадах, міністр заўважыў, што патэнцыял па прыцягненні ў Беларусь замежных гасцей не быў выкарыстаны цалкам. "Мы маглі б прыцягнуць яшчэ больш турыстаў менавіта з Еўропы. Але адсутнасць вопыту, напэўна, паўплывала нейкім чынам. І тое, што мы маркетынгавую і рэкламную работу, можа, недзе не так арганізавалі. Спецыялісты павінны кожны па сваім напрамку зрабіць вывады і ўнесці карэктывы ў наступную падрыхтоўку", - упэўнены міністр.
II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. На спаборніцтвы гульняў было прададзена 213 тыс. білетаў. Права правядзення II Еўрапейскіх гульняў Беларусь атрымала ў час 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якая адбылася ў Мінску ў кастрычніку 2016 года.