2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе аб'екты і службы II Еўрапейскіх гульняў павінны працаваць як адзіны механізм. Аб гэтым заявіў журналістам дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Георгій Катулін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў штаб-кватэры НАК у Мінску пачалася сустрэча прадстаўнікоў Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) з кіраўніцтвам і менеджарамі дырэкцыі Еўрагульняў. Асноўныя пытанні, якія абмяркуюць бакі, - узаемадзеянне з урадам Беларусі, гатоўнасць аб'ектаў, цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў, укараненне ІТ-тэхналогій, абарона правоў інтэлектуальнай уласнасці і іншыя.
"Стан спартыўных аб'ектаў, якія даўно гатовы, раней атрымалі высокія ацэнкі ў членаў ЕАК. У Беларусі набыты вялікі вопыт па правядзенні міжнародных спаборніцтваў у асобных відах спорту. Пры падрыхтоўцы да II Еўрапейскіх гульняў неабходна ўлічваць комплексны падыход. Усе аб'екты і службы (спартыўныя збудаванні, атэлі, пункты харчавання, транспарт, міжнародны вяшчальны цэнтр) будуць звязаны ў адзінае цэлае і павінны працаваць як адзіны механізм. Да гэтага і будзем імкнуцца", - сказаў Георгій Катулін.
Дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" ў лютым наведаў зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане, дзе азнаёміўся са многімі асаблівасцямі арганізацыі маштабнага спартыўнага форуму і расказаў, на чым засяродзіў сваю ўвагу ў час галоўных стартаў чатырохгоддзя. "Для мяне гэта ўжо дзясятая Алімпіяда, таму магу параўнаць арганізацыю і правядзенне не толькі ў Пхёнчхане, але і ў іншых мясцінах. Вельмі важнай была сустрэча з кіраўніком незалежнай антыдопінгавай арганізацыі Валеры Фуйнерон. Прэзідэнт МАК Томас Бах раней у час пасяджэння выканкама гэтай арганізацыі ў Лазане папрасіў асаблівую ўвагу нашага аргкамітэта ўдзяліць прафілактыцы прымянення забароненых рэчываў у час Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Таму перагаворы з Фуйнерон былі вельмі важныя. Сёння ў Мінску прысутнічае эксперт ЕАК па пытаннях медыцыны і допінгавага кантролю Памэла Венінг, якая таксама кантралюе ўсе гэтыя пытанні", - адзначыў Георгій Катулін.
Дырэкцыяй Еўрапейскіх гульняў быў вывучаны ў Пхёнчхане вопыт кейтэрынгавых (харчаванне) службаў, выкарыстання часовых збудаванняў. "Пры падрыхтоўцы і правядзенні Еўрапейскіх гульняў неабходна рацыянальна выкарыстоўваць бюджэт. Часовыя збудаванні дапамогуць пазбегнуць неапраўданых дадатковых затрат. Іх можна арандаваць пры арганізацыі харчавання, зон надгляду службаў бяспекі, як бытавыя і судзейскія пакоі, палаткі", - расказаў дырэктар фонду.
Ён таксама адзначыў, што візіт у Мінск членаў каардынацыйнай камісіі ЕАК адбыўся раней за намечаны тэрмін. Гэта звязана з тым, што цяпер уся ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы да II Еўрапейскіх гульняў. Неабходна да дня адкрытых дзвярэй Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, які пройдзе ў канцы сакавіка, паказаць гатоўнасць Мінска да правядзення спартыўнага еўрафоруму ў 2019 годзе. Візіт членаў каардынацыйнай камісіі ЕАК прадоўжыцца да 3 сакавіка.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў 15 відах спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, пляжны футбол. Цырымонія адкрыцця і закрыцця адбудуцца на стадыёне "Дынама". Пры правядзенні Еўрапейскіх гульняў будуць задзейнічаны ўсе асноўныя спартыўныя пляцоўкі Мінска: Палац спорту, "Чыжоўка-Арэна", "Мінск-Арэна" і іншыя.