25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спорт - гэта спроба знайсці шляхі вырашэння міжнародных канфліктаў. Такое меркаванне сёння выказаў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч у час канферэнцыі "Спартыўная дыпламатыя: стварэнне магчымасцей праз спорт" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Янез Качыянчыч нагадаў, што ў былыя часы пры правядзенні Алімпійскіх гульняў прыпыняліся ўсе канфлікты і войны. І цяпер вялікія спаборніцтвы, у тым ліку Еўрапейскія гульні, садзейнічаюць аб'яднанню краін. "Спорт - гэта спроба знайсці магчымасці і шляхі вырашэння многіх міжнародных канфліктаў", - сказаў прэзідэнт ЕАК.
На яго думку, спорт адыгрывае пэўную дыпламатычную ролю, і гэта трэба выкарыстоўваць у наладжванні адносін паміж дзяржавамі. "Спорт робіць свет лепшым. Мы ствараем свет дружбы, дзе не існуе войнаў. Праз спорт мы развіваем дружбу паміж нашымі краінамі", - заявіў Янез Качыянчыч.
Экспертна-дыпламатычнае мерапрыемства "Спартыўная дыпламатыя: стварэнне магчымасцей праз спорт" арганізавана фондам "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" сумесна з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і з'яўляецца ўнікальным па фармаце і мэтах. Канферэнцыя ўпершыню праводзіцца на спартыўным аб'екце ў час спаборніцтваў міжнароднага маштабу. Экспертная супольнасць абмяркоўвае магчымасці спартыўнай дыпламатыі па выбудоўванні мастоў паміж краінамі, супольніцтвамі, людзьмі, а таксама ўклад спартыўных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню ва ўстойлівае развіццё, ролю ў гэтых працэсах алімпійскіх каштоўнасцей, грамадзянскай супольнасці і валанцёрскага руху, высокапастаўленых афіцыйных асоб і экспертаў.