22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесная фотавыстаўка БЕЛТА і Нацыянальнага алімпійскага камітэта "Беларусь алімпійская: яркія старонкі" адкрылася сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У экспазіцыі - фатаграфіі беларускіх спартсменаў, якія станавіліся чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў у савецкі час, а таксама чэмпіёнаў і прызёраў Алімпіяд сучаснага перыяду. Усяго прадстаўлена 188 фотаработ, 138 з якіх зроблены карэспандэнтамі БЕЛТА. Адно са знакавых фота БЕЛТА - 1972 года, на якім паказаны алімпійскія чэмпіёнкі па спартыўнай гімнастыцы Антаніна Кошаль, Тамара Лазаковіч, Вольга Корбут.
Успомніць гучныя перамогі, захаваныя на фатаграфіях, сёння прыйшлі многія спартсмены. Алімпійскія чэмпіёны Сяргей Макаранка, Алена Бялова, Антаніна Кошаль, Аляксандр Каршакевіч, Андрэй Барбашынскі, Камандар Маджыдаў, Яніна Правалінская-Карольчык, а таксама Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко, Антон Кушнір, Ала Цупер і многія іншыя. Славутыя атлеты ўспомнілі свае перамогі, а новае пакаленне змагло пазнаёміцца са знакамітымі спартсменамі.
Выконваючы абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Віктар Лукашэнка падзякаваў усім атлетам і аматарам спорту, якія прыйшлі сёння на выстаўку, адзначыўшы, што без высокіх дасягненняў нашых выдатных спартсменаў сабраць такую калекцыю фота было б няпроста. "Праз 30 дзён у Мінску стартуе грандыёзная спартыўная падзея - ІІ Еўрапейскія гульні. Наша выстаўка прызначана папулярызаваць маючы адбыцца спартыўны форум. Добра вядома, цаной якіх намаганняў дасягаюцца перамогі ў спорце высокіх дасягненняў. Наведвальнікі выстаўкі, якая сёння адкрылася, павінны ведаць у твар і памятаць чэмпіёнаў. Кожная ваша перамога і дасягненне - гэта яшчэ адзін уклад у развіццё масавага спорту ў Беларусі. Хачу пажадаць усім алімпійскім чэмпіёнам і прызёрам Гульняў здароўя і ўдачы, а нацыянальнай камандзе Беларусі на ІІ Еўрапейскіх гульнях - яркіх перамог", - адзначыў ён.
"У фатаграфіях, прадстаўленых на выстаўцы, паказаны самыя яркія моманты беларускага спорту. Заўсёды прыемна, калі іграе наш гімн, калі развяваецца наш сцяг у гонар пераможцаў. На ІІ Еўрапейскіх гульнях будзе зроблена яшчэ шмат запамінальных кадраў трыумфу спартсменаў, якія змогуць папоўніць архіў агенцтва. Давайце разам пабалеем за беларускіх атлетаў на маючых адбыцца спаборніцтвах", - сказала генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва праводзіць сур'ёзную работу па папулярызацыі алімпійскага руху і здаровага ладу жыцця ў краіне і за мяжой. На сайце БЕЛТА ўжо некалькі месяцаў даступны спецыяльны мультымедыйны праект "Старонкі беларускага спорту", ён расказвае аб усіх відах спорту, якія будуць прадстаўлены на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Фотавыстаўка, якая сёння адкрылася, з'яўляецца адной з самых знакавых падзей у рабоце БЕЛТА па спартыўнай тэматыцы, на кадрах - усе беларускія алімпійскія чэмпіёны эпохі СССР, а таксама ўсе алімпійскія медалісты з гісторыі сучаснай Беларусі. Тут можна знайсці ўнікальныя фатаграфіі з архіваў БЕЛТА.
Наведвальнікі адкрытай выстаўкі могуць убачыць залаты алімпійскі забег Юліі Несцярэнка ў Афінах, перамогу Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранка ў Лондане, трыумф Дар'і Домрачавай у Сочы і жаночага біятлоннага квартэта ў Пхёнчхане-2018. Таксама ёсць здымак Аляксандра Мядзведзя на мінскім стадыёне "Дынама" з факелам Алімпіяды 1980 года. Захаваліся на фота акрабатычныя трукі Вольгі Корбут і Нэлі Кім, поспехі гімнастак-мастачак у індывідуальным і камандным першынствах, медальныя заплывы Аляксандры Герасімені і Сяргея Каплякова, залатыя скачкі фрыстайлістаў і заплывы весляроў.
Выстаўка пачала работу за 30 дзён да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў на пляцоўцы першага паверха гандлёва-забаўляльнага комплексу Dana Mall (вул. Пятра Мсціслаўца, 11) і прадоўжыцца да 30 чэрвеня.