1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Еўрапейскія гульні ў Мінску сталі яркім мультыспартыўным форумам. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч на цырымоніі закрыцця Гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яны сталі сапраўдным святам еўрапейскага і міжнароднага спорту. Сумесна з нашымі сябрамі і арганізатарамі з Беларусі мы правялі яркі мультыспартыўны форум, які па маштабе ўступае толькі Алімпійскім гульням", - заявіў Янез Качыянчыч.
Прэзідэнт ЕАК выказаў асобную ўдзячнасць валанцёрам, якія зрабілі гэтыя Гульні сапраўды знакавай і ўнікальнай падзеяй. "Панавала выдатная атмасфера, і мы ганарымся дасягнутымі вынікамі", - заявіў ён.
Еўрапейскі кантынент, на якім пражывае менш за дзясятую частку насельніцтва свету, заваёўвае амаль палавіну медалёў на летніх Алімпійскіх гульнях. "Калі быць дакладным - 47 працэнтаў медалёў на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра і столькі ж на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрэсе ў мінулым годзе, - сказаў Янез Качыянчыч. - Зразумела, мы плануем падтрымліваць гэты статус і ў далейшым. Маем намер змагацца і далей, дабіваючыся высокіх рэзультатаў у сусветным спорце. Тут, на Гульнях, перад намі выступалі лепшыя спартсмены нашага кантынента, і іх рэзультаты пацвярджаюць, што мы на правільным шляху".
У апошнія некалькі гадоў спартыўны свет сутыкнуўся з многімі праблемамі, адзначыў прэзідэнт ЕАК. Ён назваў гэта крызісам, галоўным складнікам якога з'яўляецца допінг. ЕАК прадоўжаць змагацца за чысты спорт, у якім няма месца допінгу, прытрымліваючыся той жа палітыкі, што і на Еўрапейскіх гульнях у Мінску. "Але, нягледзячы на тое, што кожны спартсмен, які парушае допінгавыя правілы, павінен быць пакараны або адхілены ад спорту, мы не можам дапусціць, каб пакаранне панесла ўся краіна, якую гэты спартсмен прадстаўляе. Калектыўная адказнасць недапушчальная і неэтычная, - заявіў Янез Качыянчыч. - Таму я вельмі рады, што на Еўрапейскіх гульнях у Мінску алімпійскі камітэт Расіі быў адноўлены ў правах і пацвердзіў сваю спартыўную сілу, заваяваўшы найбольшую колькасць медалёў". Ён выказаў удзячнасць МАК, АКР, ВАДА і іх кіраўніцтву за мудрасць і цярпенне, праяўленыя ў гэтай складанай сітуацыі.
Прэзідэнт ЕАК павіншаваў беларускіх спартсменаў з заваяваннем другога месца ў агульным медальным заліку. Гэта неверагоднае дасягненне для прымаючай краіны, адзначыў ён.
На заканчэнне сваёй прамовы Янез Качыянчыч на беларускай мове выказаў словы ўдзячнасці беларускай нацыі і яе лідару за гасціннасць, дадаўшы, што вельмі гэта цэніць.
Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску адбылася на галоўнай спартыўнай арэне Беларусі - Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама".
II Еўрапейскія гульні ў Мінску праходзілі на працягу 10 дзён. Больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 дзяржаў спаборнічалі ў 15 відах спорту. Афіцыйны дэвіз гульняў - Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). Лагатып - папараць-кветка, што мае сімвалічнае значэнне ў культуры славян. Талісман - лісяня па імені Лесік.
Беларускія атлеты па выніках спаборніцтваў былі ў ліку лідараў еўрапейскага і сусветнага спорту. На дамашніх пляцоўках беларусы заваявалі 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых узнагарод. Усяго - 69.
I Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку, на якіх беларускія спартсмены заваявалі 43 узнагароды.