30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гімнастка Настасся Алістратава заняла трэцяе месца ў практыкаванні на рознавысокіх брусах II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларуска набрала 14,233 бала за сваю праграму. Чэмпіёнкай у гэтым відзе стала расіянка Ангеліна Мельнікава - 14,466, другое месца ў Бекі Даўні з Вялікабрытаніі - 14,400. Некалькі прэтэндэнтак на медалі не змаглі выканаць дакладна сваю праграму, дазволіўшы беларусцы паспаборнічаць за прызавое месца.
Бронзавы медаль 15-гадовай Настассі Алістратавай стаў другім для беларускай каманды па спартыўнай гімнастыцы на II Еўрапейскіх гульнях. Раней Андрэй Ліхавіцкі стаў трэцім у практыкаванні на кані.