8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Полымя міру" прадаўжае падарожжа па Еўропе, эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў сталіцы Славеніі Любляне, паведамілі БЕЛТА ў фондзе "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года".
Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены 3 мая ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum, дзе знаходзіцца знакаміты помнік архітэктуры Арка міру. Затым беларускія альпіністы паднялі факел на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. Акрамя Славеніі плануецца наведаць Нацыянальныя алімпійскія камітэты Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы.
У Беларусі эстафета пачне свой шлях 12 мая. Факел мультыспартыўнага форуму пабывае ва ўсіх рэгіёнах: у Брэсцкім - 12-17 мая, Гродзенскім - 18-23 мая, Віцебскім - 24-29 мая, Магілёўскім - 30 мая - 4 чэрвеня, Гомельскім - 5-10 чэрвеня, Мінскім - 11-16 чэрвеня.
У Мінску "Полымя міру" сустрэнуць 17 чэрвеня на плошчы Дзяржаўнага сцяга. У той жа дзень факел пройдзе па праспекце Пераможцаў, 18 чэрвеня - па праспекце Незалежнасці. 19 чэрвеня ўдзельнікі эстафеты накіруюцца на мінскія прадпрыемствы. Далей плануецца наведванне паркаў і выдатных мясцін горада, удзел у цырымоніі прывітання атлетаў у Вёсцы спартсменаў. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" - у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму.
У эстафеце агню ў Беларусі прымуць удзел 450 факеланосцаў, якімі стануць лепшыя спартсмены краіны, вядомыя спецыялісты, аўтарытэтныя дзеячы навукі, культуры і мастацтваў.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.
Беларусь атрымала права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў 21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Мінску.