Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

12 Май 2019

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў прыбыла ў Беларусь

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў прыбыла ў Беларусь

12 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў "Полымя міру" прыбыла ў Беларусь. Цырымонія сустрэчы адбылася 12 мая на беларуска-польскай граніцы ў міжнародным пункце пропуску "Варшаўскі мост", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Караван эстафеты агню прыбыў у рэспубліку пасля завяршэння замежнага этапу. На граніцы адбылася цырымонія запальвання факела для далейшага руху "Полымя міру" па Беларусі. Гэту місію выканала алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м Юлія Несцярэнка.

Брэст - першы горад Беларусі, у якім пабывае "Полымя міру".

"Урачыстая цырымонія запальвання агню сведчыць аб тым, што наша краіна гатова да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Мы падрыхтавалі інфраструктуру, на заключнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка спартсменаў, актыўна працуюць у гэтым напрамку ўсе федэрацыі. Нашы спартсмены настроены на тое, каб дома як мага лепш выступіць", - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра, намеснік старшыні рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што правядзенне мультыспартыўнага форуму з'яўляецца сур'ёзным экзаменам. "Гэта дадатковы стымул прадэманстраваць свае лепшыя магчымасці і дадатковы этап, каб мы маглі заяўляць яшчэ больш буйныя мерапрыемствы і спаборніцтвы", - сказаў ён.

У Брэсце агонь II Еўрапейскіх гульняў будзе знаходзіцца 12-13 мая. Факел пранясуць па цэнтральных вуліцах абласнога цэнтра, каб азнаёміць жыхароў і гасцей з гэтым маштабным форумам. У ролі факеланосцаў выступяць вядомыя беларусы, у тым ліку ўраджэнцы Брэсцкай вобласці. Эстафета пройдзе яшчэ па пяці гарадах рэгіёна. Агонь гульняў сустрэнуць таксама ў Камянцы, Пінску, Мікашэвічах, Баранавічах і Косаве, а 18 мая яго перададуць у Гродзенскую вобласць.

"Брэсцкая вобласць - заходнія вароты краіны. Мы ўсведамляем усю адказнасць за тое, што ўдзельнікі і госці II Еўрапейскіх гульняў з першых хвілін знаходжання на беларускай зямлі павінны адчуць яе асаблівы каларыт, прыгажосць, гасціннасць і адкрытасць беларусаў. Упэўнены, што "Полымя міру" натхніць беларускіх спартсменаў на высокія рэзультаты", - сказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк.

Эстафета "Полымя міру" стартавала 3 мая ў Рыме і завершыцца 21 чэрвеня ўрачыстым запальваннем чашы алімпійскага агню на цэнтральнай арэне II Еўрапейскіх гульняў - Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама". Усяго агонь гульняў пранясуць праз 55 населеных пунктаў на тэрыторыі 8 краін (Італія, Славакія, Славенія, Венгрыя, Аўстрыя, Чэхія, Польшча і Беларусь), а яго працягласць складзе 7700 км. У эстафеце прымуць удзел 450 факеланосцаў, 100 валанцёраў і 10 захавальнікаў агню.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня на 12 спартыўных пляцоўках. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі