1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны экіпіровачны і акрэдытацыйны цэнтр II Еўрапейскіх гульняў адкрыўся сёння ў лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Плануецца, што працэдуру акрэдытацыі ў ім пройдзе каля 40 тыс. чалавек. Пераважна гэта будуць валанцёры, міжнародныя і нацыянальныя суддзі, персанал спартыўных аб'ектаў, падрадных і кантрактных арганізацый, якія забяспечваюць правядзенне спаборніцтваў. Акрэдытацыйная картка ўяўляе сабой абаронены дакумент, зроблены са спецыяльнай паперы. Таксама на ёй ёсць наклейка-галаграма, якая дае магчымасць праверыць сапраўднасць дакумента", - сказаў начальнік упраўлення па акрэдытацыі фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Антон Ляхаў.
Ён дадаў, што тут розныя кліенцкія групы Гульняў, уключаючы валанцёраў, міжнародных і нацыянальных суддзяў, змогуць атрымаць неабходную экіпіроўку.
Першым працэдуру акрэдытацыі на мультыспартыўны форум прайшоў талісман II Еўрапейскіх гульняў 2019 года - лісяня Лесік.
Міжнародны экіпіровачны і акрэдытацыйны цэнтр завершыць сваю работу 30 чэрвеня бягучага года. Працаваць у ім будуць 22 спецыялісты-валанцёры і чатыры чалавекі пераменнага складу ад дырэкцыі, каб кіраваць працэсам.
II Еўрапейскія гульні пройдуць 21-30 чэрвеня ў Мінску. У праграме II Еўрапейскіх гульняў будуць праведзены спаборніцтвы па 15 відах спорту. Усяго будзе задзейнічана 12 спартыўных аб'ектаў, уключаючы буйнейшыя - нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна", Палац спорту. Больш як 4 тыс. спартсменаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод.