17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турыстычная інфраструктура Мінска павінна быць гатова дастойна сустрэць гасцей II Еўрапейскіх гульняў, да знакавай спартыўнай падзеі распрацоўваецца праграмны прадукт, дзе будуць прадстаўлены выдатныя мясціны і цікавыя для турыстаў аб'екты як у Мінску, так і па краіне ў цэлым . Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час выязнога пасяджэння Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, мабільны дадатак дасць балельшчыкам і турыстам магчымасць спланаваць экскурсійны маршрут. "Ствараецца праграмны прадукт, скарыстаўшыся якім іншаземец з дапамогай мабільнага тэлефона зможа паглядзець, дзе і што можна наведаць не толькі ў Мінску, але і ў навакольнай мясцовасці горада, у цэлым па рэспубліцы", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
У дадатку будуць абазначаны гістарычныя мясціны, тэатры, музеі і праводзімыя імі мерапрыемствы, іншыя аб'екты турыстычнай інфраструктуры. Тут можна будзе даведацца і пра праграму выступленняў музычных калектываў, арганізацыю транспартнага абслугоўвання.
Сёння ўдзельнікі пасяджэння наведалі турыстычныя аб'екты Верхняга горада, азнаёміліся з сістэмай прасторавага арыентавання ў сталіцы. "Мы павінны дастойна падрыхтаваць горад да прыёму гасцей, каб ім хацелася прыехаць яшчэ раз з сябрамі, сваякамі, сям'ёй", - сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён паведаміў таксама, што ў міжведамасным савеце ствараюцца падгрупы, за якімі замацоўваюцца пэўныя віды турызму (медыцынскі, прамысловы, экалагічны, гастранамічны і інш.). Задача падгруп - сумесна з Мінспорту комплексна прапрацаваць пытанні развіцця кожнага з гэтых відаў. "У нас ёсць што паказаць гасцям", - дадаў Ігар Петрышэнка.
На пасяджэнні Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме акрамя падрыхтоўкі турыстычнай інфраструктуры Мінска да II Еўрапейскіх гульняў разглядаліся канцэптуальныя падыходы па змяненні закона "Аб турызме".