18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брытанскія тураператары гатовы дапамагчы ў папулярызацыі маршрутаў па Беларусі і II Еўрапейскіх гульняў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Алена Ліхімовіч.
Беларусь з 13 па 17 сакавіка з азнаямленчым турам наведвала група тураператараў Вялікабрытаніі, сярод іх былі прадстаўнікі кампаній Cox & Kings, KE Adventure, Explore, Distinctive World Travel, Tucan Travel, Wild Frontiers, AITO, Intrepid Travel, BSI Global Group. Такі тур быў арганізаваны ўпершыню. Ім прапанавалі экскурсію па Мінску з наведваннем спартыўнай інфраструктуры напярэдадані II Еўрапейскіх гульняў. Прадстаўнікі турбізнесу пабывалі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, з'ездзілі ў Нясвіж і Мір, ацанілі вытворчы турызм на БелАЗе. Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў прэзентавала маючы адбыцца спартыўны форум у Мінску.
"Брытанскія тураператары адзначылі, што наша краіна таксама можа заняць нішу на турыстычным рынку і акцэнт зрабіць на забаўляльных момантах, а не проста на экскурсійную праграму. Напрыклад, на аграсядзібе яны пяклі хлеб, быў майстар-клас па танцах, на БелАЗе - вучыліся вадзіць самазвал. Гэта менавіта тое, на чым трэба зрабіць акцэнт пры прыцягненні брытанскіх турыстаў", - расказала Алена Ліхімовіч.
Адна з кампаній заключыла пагадненне з "Цэнтркурортам" і будзе дапамагаць папулярызаваць II Еўрапейскія гульні.
Паводле інфармацыі Белстата, у 2018 годзе з Вялікабрытаніі ў Беларусь прыехалі амаль 2,3 тыс. арганізаваных турыстаў і экскурсантаў (рост на 14,8 працэнта).