25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены ў чарговы спаборніцкі дзень ІІ Еўрапейскіх гульняў сталі ўладальнікамі чатырох медалёў, адзін з якіх залаты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На вышэйшую прыступку п'едэстала гонару паднялася вядомая дзюдаістка Марына Слуцкая, якая выйграла золата ў вагавой катэгорыі звыш 78 кг. У індывідуальных скачках на батуце бронзу заваявала Ганна Ганчарова. Чатыры гады таму на першых Еўрапейскіх гульнях у Баку яна таксама была трэцяй у гэтай дысцыпліне. Яшчэ дзве бронзы здабылі жаночая і мужчынская зборныя Беларусі па баскетболе 3х3.
Усяго ў актыве зборнай Беларусі цяпер 38 медалёў (11 залатых, 9 сярэбраных, 18 бронзавых), у агульнакамандным медальным заліку яна займае другое месца. Лідзіруе каманда Расіі - 48 (22, 12, 14), на трэцім месцы атлеты Грузіі, у якіх 20 узнагарод (6, 5, 9). Усяго на п'едэстал гонару мінскіх гульняў паднімаліся прадстаўнікі 35 каманд.