23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартсмены зборнай Беларусі сталі ўладальнікамі 20 узнагарод у чарговы дзень спаборніцтваў II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Медальны лік адкрыла грацыя Кацярына Галкіна, якая заваявала серабро ў практыкаваннях з абручом. Затым яе сяброўкі па зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Настасся Рыбакова, Арына Цыцыліна, Карына Ярмоленка, Ганна Швайба і Ганна Гайдукевіч сталі ўладальніцамі двух залатых і аднаго бронзавага медалёў у групавых практыкаваннях.
Зноў парадавалі балельшчыкаў беларускія самбісты, якія заваявалі сёння восем узнагарод. На вышэйшую прыступку п'едэстала гонару паднялася Вера Гарэлікава. Серабро заваявалі Марына Жарская, Андрэй Казусёнак і Юрый Рыбак. Бронза ў актыве Вольгі Намазавай, Святланы Цімашэнка, Сцяпана Папова і Івана Аніскевіча.
У заключны дезнь акрабатычнай праграмы гульняў беларусы сталі ўладальнікамі двух бронзавых медалёў
На галоўнай арэне II Еўрапейскіх гульняў стартаваў турнір лёгкаатлетаў. Беларусы здолелі здабыць шэсць медалёў. Золата - у Таццяны Халадовіч (кіданне кап'я), Эльвіры Герман (100 м з бар'ерамі) і Максіма Недасекава (скачкі ў вышыню). Серабро заваявалі Хрысціна Ціманоўская (100 м), Настасся Мірончык-Іванова (скачкі ў даўжыню) і Віталь Парахонька (110 м з бар'ерамі).
Усяго ў актыве беларускіх атлетаў 34 узнагароды (10 залатых, 9 сярэбраных, 15 бронзавых), яны займаюць другое месца ў агульнакамандным медальным заліку, уступаючы толькі расіянам, у якіх 39 медалёў (19, 10, 10).