26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З моманту дзеяння бязвізавага ўезду для балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў граніцу Беларусі перасеклі 230 тыс. іншаземцаў. Аб гэтым у праграме "II Еўрапейскія гульні. Інфармацыйны канал" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч, паведамляе БЕЛТА.
"Мы атрымліваем статыстыку ад Дзяржпагранкамітэта кожны дзень і цяпер бачым, што за 15 дзён у Беларусь заехала менавіта цераз пункты пропуску больш за 230 тыс. чалавек, у тым ліку і людзі з білетамі", - праінфармаваў ён. Паводле інфармацыі турыстычных фірм, людзі едуць цэнтралізавана, купляюць цэлыя турпакеты, куды ўваходзіць і наведванне спартыўных мерапрыемстваў.
Паводле мінулагодняга прагнозу меркавалася, што Беларусь наведаюць прыкладна 30 тыс. замежных балельшчыкаў. "Гэты форум унікальны для Беларусі, мы тады паасцярожнічалі. Ужо цяпер на экватары мерапрыемства можам сказаць, што Беларусь наведаюць больш за 30 тыс.", - адзначыў прадстаўнік Мінспорту.
Прысутнасць замежных турыстаў адчувальна не толькі ў сталіцы. Яны актыўна наведваюць комплексы ў Міры і Нясвіжы, Белавежскую пушчу. "Цяпер там столькі турыстаў, што, паводле той інфармацыі, якую мы атрымліваем (ад аб'ектаў. - Заўвага БЕЛТА), яны вымушаны прадаўжаць рэжым сваёй работы і выводзіць новых людзей, каб забяспечыць колькасць экскурсій, якія патрабуюцца. Напрыклад, у маі ў Нясвіжы знаходзіліся па 5-6 тыс. чалавек у дзень, цяпер лічба вялікая. Мы ідзём на рэкорды", - рэзюмаваў Віталь Грыцэвіч.
Як паведамлялася, у Беларусі ўстаноўлены бязвізавы ўезд з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года для замежных турыстаў па акрэдытацыйных картках або білетах на спартыўныя спаборніцтвы.