22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартсмены зборнай Беларусі сёння заваявалі 14 медалёў на II Еўрапейскіх гульнях, з якіх 4 вышэйшай пробы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першы залаты медаль беларусам прынеслі акрабаткі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч, якія сталі чэмпіёнкамі ў групавых балансавых практыкаваннях. Пазней яны яшчэ раз падняліся на п'едэстал гонару, узяўшы бронзу ў дынамічных практыкаваннях. Яшчэ адно золата здабылі Артур Белякоў і Вольга Мельнік, якія занялі першае месца ў спаборніцтвах змешаных пар у балансавых практыкаваннях. Акрамя таго, у іх яшчэ бронза ў дынамічных практыкаваннях.
Беларусы сабралі нядрэнны медальны ўраджай у першы дзень спаборніцтваў па самба. Першае золата самбістам прынёс Аляксандр Кокша, а затым яго поспех паўтарыла Анжэла Жылінская. Серабро ў актыве Настассі Архіпавай. Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі Анфіса Капаева, Таццяна Мацко, Уладзіслаў Бурдзь, Цімафей Емяльянаў.
Беларускі Карына Казлоўская, Ганна Марусава і Карына Дзёмінская сталі ўладальніцамі серабра ў камандным першынстве па стральбе з класічнага лука.
Вельмі вопытная веласіпедыстка Таццяна Шаракова фінішным спуртам змагла заваяваць бронзу ў групавой шашэйнай гонцы.
У спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы беларуска Кацярына Галкіна заняла 3-е месца ў індывідуальным мнагабор'і.
Больш медалёў толькі ў лідара заліку зборнай Расіі - 18 (9 залатых, 5 сярэбраных, 4 бронзавыя). Усяго на п'едэстал гонару сёння падымаліся прадстаўнікі 24 каманд.