23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Вера Гарэлікава (вагавая катэгорыя - 60 кг) стала першай на турніры па самба II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларуска атрымала перамогу болевым прыёмам на руку над Сабінай Арцямчук з Малдовы.
"Я толькі перайшла ў дарослую барацьбу, перамога на такіх прэстыжных спаборніцтвах для мяне - шчасце. Удалося выйграць дзякуючы дакладнаму выкананню ўстановак трэнера. Тым не менш самай цяжкай схваткай атрымаўся паўфінал супраць тытулаванай расіянкі", - сказала Вера Гарэлікава. Яна дадала, што падтрымка трыбун і блізкіх людзей вельмі дапамагала ў барацьбе.
На турніры па самба II Еўрапейскіх гульняў за 18 камплектаў узнагарод спаборнічаюць 144 атлеты. Спаборніцтвы завершацца сёння ў мінскім Палацы спорту.
24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па самба Веру Гарэлікаву з перамогай на турніры II Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Віншую цябе з першым вялікім поспехам на такім значным турніры, як Еўрапейскія гульні, - гаворыцца ў віншаванні. - Дзякуючы працавітасці, дысцыплінаванасці, волі да перамогі ты не толькі змагла ўвайсці ў фінал, але і не пакінула ніводнага шанцу на поспех сваёй саперніцы, завяршыўшы галоўны паядынак датэрмінова".
Аляксандр Лукашэнка адрасаваў Веры Гарэлікавай словы ўдзячнасці за майстэрства і сапраўдны спартыўны характар, а таксама пажадаў ёй моцнага здароўя, поспеху і заваявання новых вяршынь.