23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Марына Жарская (вагавая катэгорыя - 52 кг) стала другой на турніры па самба II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным паядынку яна прайграла расіянцы Дзіяне Рабавай.
"Прайграваць у фінале, асабліва калі ты нацэлена на золата, крыўдна. У маёй саперніцы каронныя прыёмы - гэта болевыя на ногі. Я дапусціла памылку, да канца думала, што выкручуся з прыёму на руку, каб засцерагчы нагу, але памылілася і прайграла, - сказала журналістам Марына Жарская. - Вялікі дзякуй балельшчыкам за падтрымку, сёння была вельмі складаная, цяжкая барацьба, напэўна, толькі дзякуючы ім я цяпер тут".
На турніры па самба II Еўрапейскіх гульняў за 18 камплектаў узнагарод спаборнічаюць 144 атлеты. Спаборніцтвы завершацца сёння ў мінскім Палацы спорту.