28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Васіліса Марзалюк (вагавая катэгорыя 76 кг) заваявала залаты медаль турніру па барацьбе II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У кваліфікацыйных схватках Васіліса Марзалюк перамагла расіянку Наталлю Вараб'ёву (2:1) і аўстрыйскую спартсменку Марціну Кюнц (3:2). У паўфінальным паядынку ва ўпартай барацьбе ёй удалося ўзяць верх над эстонкай Эп Мае - 5:3. У фінале беларуска была мацнейшая за немку Фрэнсі Раедэлт - 9:0.
"Я адчувала адказнасць і ведала, што спраўлюся з усім, проста ішла за перамогай. Сёння было лягчэй, чым учора, у мяне ўсё атрымалася", - сказала Васіліса Марзалюк. Яна дадала, што ў яе быў дзень нараджэння, таму цяпер яна збіраецца адпачыць з сябрамі і адзначыць гэта свята.
Галоўны трэнер у жаночай барацьбе Беларусі Алег Райхлін застаўся задаволены выступленнем сваёй каманды. "Першы дзень быў цяжкі, там, дзе мы спадзяваліся на медалі, не атрымалася іх заваяваць. А тут такая жорсткая канкурэнцыя. Ірына Курачкіна - малайчына, прайсці ўсе схваткі і выйграць. Проста няма слоў. Наперадзе Алімпіяда, таму няма часу, каб расслабляцца", - адзначыў ён.
Беларуска Ірына Курачкіна (57 кг) заваявала залаты медаль, Віялета Чырык (50 кг) стала пятай. У беларускіх барцоў-вольнікаў Алі Шабанава (86 кг) сярэбраная і ў Аляксандра Гуштына (97 кг) бронзавая ўзнагароды.
Турнір па барацьбе II Еўрапейскіх гульняў у сталічным Палацы спорту завершыцца 30 чэрвеня. Усяго ў спаборніцтвах прымаюць удзел 288 атлетаў, якія змагаюцца за 18 камплектаў медалёў.
29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Васілісу Марзалюк з пераканаўчай перамогай у вырашальнай схватцы на II Еўрапейскіх гульнях. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Вопыт, упэўненасць і моцны характар дазволілі табе паспяхова завяршыць усе паядынкі. Тваё золата - дастойная ўзнагарода за майстэрства, самааддачу і адданасць барацьбе. Ты наша гордасць!", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Васілісе Марзалюк моцнага здароўя, дабрабыту і новых перамог.