Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Рэчыцы: капліца з металу на набярэжнай Дняпра, музей нафты і карціны самага загадкавага мастака Беларусі

Што паглядзець у Рэчыцы: капліца з металу на набярэжнай Дняпра, музей нафты і карціны самага загадкавага мастака Беларусі

На беразе велічнага Дняпра стаіць горад Рэчыца – сталіца беларускіх нафтавікоў. Упершыню звесткі аб Рэчыцы сустракаюцца ў Густынскім летапісе 1213 года. А ў Наўгародскім летапісе 1214 года ўпамінаецца захоп горада князем Мсціславам Мсціславічам Удатным у ходзе вайны з кіеўскім князем Усеваладам Святаславічам.

Сваёй назвай Рэчыца абавязана аднайменнаму прытоку Дняпра, які працякаў паблізу старажытнага гарадзішча. Раскопкі паказалі, што ў V–VII стагоддзях тут жылі людзі. Вучоныя лічаць, што ўжо ў XI стагоддзі Рэчыца была горадам. За кошт свайго размяшчэння на рацэ пасяленне служыла адным з транзітных пунктаў на гандлёвым шляху "з варагаў у грэкі".

Доўгі час горадам перыядычна валодалі то кіеўскія, то чарнігаўскія князі. Пад кіраванне Вялікага Княства Літоўскага Рэчыца перайшла пры Гедыміне – у першай палове XIV стагоддзя. Больш за два стагоддзі ў ВКЛ, а пазней у Рэчы Паспалітай горад быў адміністрацыйным цэнтрам павета. Пасля першага падзелу дзяржавы ў 1772 годзе Рэчыца пазбавілася павета (яго ўзначаліў Бабруйск), а з 1793 года і зусім змяніла "грамадзянства" – горад трапіў пад уладу Расійскай імперыі. У 1926 годзе ў склад БССР уключылі Гомельскую губерню, а Рэчыца набыла статус цэнтра аднайменнай акругі. У хуткім час акругі былі скасаваны – з'явіўся Рэчыцкі раён.

Знакавай падзеяй не толькі для горада, але і краіны стала выяўленне ў жніўні 1964 года залежаў чорнага золата. Першая здабытая пад Рэчыцай нафта пачала прапампоўвацца праз трубаправод "Дружба" ўжо ў канцы красавіка 1965 года. Уся прамысловая нафтаздабыча ў Беларусі сканцэнтравана ў раёне Прыпяцкага прагіну. З таго часу паднята больш за 138 млн тон нафты і амаль 16 млрд кубаметраў спадарожнага нафтавага газу.

Сёння Рэчыца – горад з больш як 66 тыс. насельніцтва і званнем нафтавай сталіцы Беларусі.

Гарадзішча

Як і любы сярэдневяковы горад, Рэчыца мела свае абарончыя збудаванні. На правым беразе Дняпра каля зліцця з ракой Рэчыцай размешчана старажытнае гарадзішча. Гэта ўчастак прамавугольнай формы са сторанамі 75 м на 45 м. Замчышча ўмацавана амаль двухметровымі валамі, а з поўначы абаронена прыроднай воднай перашкодай – там яно абмываецца Дняпром. Таксама з двух бакоў маюцца глыбокія равы, якія ў даўнія часы запаўняліся вадой.

У канцы XIV стагоддзя, калі горад знаходзіўся ва ўладанні князя Вітаўта, для абароны быў пабудаваны 5-вежавы замак "з сасновага дрэва". Цытадэль выконвала сваю функцыю больш за два стагоддзі, пакуль у 1654 годзе яе не спалілі казацкія войскі гетмана Івана Залатарэнкі.

Гісторыя самога замчышча ўзыходзіць да эпохі Кіеўскай Русі. Сёння гарадзішча мае статус помніка археалогіі і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Дзе: Дзіцячы парк

Свята-Троіцкі касцёл

Недалёка ад старажытнага гарадзішча стаіць Свята-Троіцкі касцёл. Яркі прадстаўнік неаготыкі быў пабудаваны ў самым пачатку XX стагоддзя - у 1903 годзе.

Пры гэтым гісторыя касцёла ў Рэчыцы пачалася ў далёкім 1634 годзе, калі адкрыўся першы ў горадзе каталіцкі прыход. У 1756 годзе пабудавалі з сасны новы храм, асвячоны ў гонар Святой Тройцы, і кляштар дамініканцаў. На пачатак XIX стагоддзя брація налічвала амаль два дзясяткі манахаў.

Кляштар закрылі ў 1831 годзе – яго напаткаў лёс многіх касцёлаў і манастыроў на тэрыторыі Беларусі. Драўляны храм пачаў прыходзіць у заняпад, і трэба было або рамантаваць яго, або будаваць новы. У 1842 годзе прыхаджане падалі просьбу аб узвядзенні цаглянага касцёла на месцы існуючага, але справа ішла павольна. Толькі ў 1861 годзе быў распрацаваны праект, аднак з-за адсутнасці грошай будаўніцтва замерла. Узводзіць касцёл пачалі толькі праз 35 гадоў, а яшчэ праз 7 гадоў новы храм асвяцілі.

Пасля ўстанаўлення на беларускіх землях савецкай улады касцёлу ў Рэчыцы пашанцавала больш, чым многім каталіцкім і праваслаўным храмам краіны. Яго не разбурылі, хоць і не выкарыстоўвалі па прызначэнні: памяшканні касцёла ў розны час займалі склад, электрастанцыя, піўная, вітамінны бар... Ужо ў незалежнай Беларусі ў 1998 годзе будынак атрымаў статус помніка архітэктуры. Праз год яго вярнулі вернікам, рэканструявалі, і з 2007 года тут аднавіліся богаслужэнні.

Сёння Свята-Троіцкі касцёл - адно з галоўных упрыгажэнняў Рэчыцы. Будынак з чырвонай цэглы вызначае строгая цэласная пластыка. Касцёл стаіць на высокім цокалі, бакавыя сцены падзелены контрфорсамі і характэрнымі гатычнымі вокнамі, што надае храму рытмічнасць. Вонкавы бок будынка ўпрыгожвае белы перспектыўны партал. Асабліва вылучаецца масіўная высокая званіца.

Дзе: вул. Савецкая, 31

Свята-Успенскі сабор

Зусім побач са Свята-Троіцкім касцёлам размешчаны галоўны праваслаўны храм Рэчыцы - Свята-Успенскі сабор. Гэта адзін са старэйшых будынкаў горада, але лёс яго быў пад пагрозай. Будаўніцтва пачалося яшчэ ў 1842 годзе, аднак работы не заладзіліся - праз год узведзеная званіца раптам абвалілася на храм. Ужо амаль гатовы будынак быў знішчаны практычна дашчэнту. Аднавілася будаўніцтва толькі праз два дзясяткі гадоў – у 1864 годзе. І праз трыццаць гадоў з пачатку работ новы храм, нарэшце, асвяцілі.

З 1917 года ў Рэчыцы паступова ліквідавалі духавенства. Праз 17 гадоў сабор закрылі, а найбольш каштоўныя царкоўныя рэчы канфіскавалі. Пазней культавае збудаванне заняў Дом сацыялістычнай культуры. З-за непатрэбнасці былі знесены званіца і верх купала, поўнасцю зменены інтэр'ер, надбудаваны другі паверх, дзе працавала гарадская бібліятэка. Побач з храмам збудавалі драўляную прыбудову. У 1940 годзе ў час пажару комплексу быў нанесены значны ўрон. На наступны год вернікі сваімі сіламі зрабілі рамонт і аднавілі богаслужэнні. У 1960-я рэчыцкі дом культуры пераехаў у спецыяльна ўзведзены для яго будынак. Закінуты сабор пачаў разбурацца.

Толькі ў самым канцы XX стагоддзя будынак вярнулі праваслаўнаму прыходу. Пачалася рэстаўрацыя, і ў 2003 годзе абноўлены Свята-Успенскі сабор быў асвячоны. Званіцу аднавілі ў 2007 годзе.

Архітэктура сабора ўяўляе сабой узор позняга класіцызму. У плане храм мае форму крыжа, у аснове – малітоўная зала, якая накрыта шатром з купалам-цыбулінай і дахавымі вокнамі. Гордасць Свята-Успенскага сабора - пяціярусны іканастас, які складаецца з 24 абразоў. У 2011 годзе царкву папоўнілі два ківоты - з лікам Святога Мікалая Цудатворца і з абразом Казанскай Божай Маці.

Дзе: вул. Савецкая, 29

Капліца Святой Ефрасінні Полацкай

Дамінанта набярэжнай Дняпра і адна з самых вядомых выдатных мясцін Рэчыцы – капліца Святой Ефрасінні Полацкай. Першапачаткова яна мела назву Юбілейная, паколькі стварэнне манумента было прысвечана адразу некалькім знакавым датам – 1000-годдзю Хрышчэння Русі, 50-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, узвялі яе і ў памяць аб воінах-інтэрнацыяналістах, ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але ў народзе зацвердзілася назва ў гонар легендарнай беларускай святой.

Месца для ўзвядзення капліцы выбрана невыпадкова. У 1910 годзе праз Рэчыцу па Дняпры ішлі параходы, якія перавозілі мошчы нябеснай заступніцы Беларусі прападобнай Ефрасінні з Кіева "дадому" – у родны Полацк. На бераг знеслі раку са святымі астанкамі, потым грабніцу прынеслі ў Свята-Успенскі сабор, а раніцай мошчы вярнулі на параход. Тады на беразе ракі, дзе прычальвалі судны са свяшчэнным грузам, быў пастаўлены дубовы крыж як знак сакральнага месца. Намнога пазней, у 1995 годзе, тут пабудавалі капліцу-помнік.

Яна выканана ў выглядзе незвычайнай асіметрычнай канструкцыі. Зробленая поўнасцю з металу, капліца ўзвышаецца на 24,24 метра. Паводле задумы аўтара Эдуарда Агуновіча кампазіцыя з чатырох апор рознай вышыні сімвалічна адлюстроўвае, як па спіралі развіваецца жыццё і думка. На "сцены" нанесены абразы 12 асабліва шануемых святых і вялікіх асветнікаў беларускай зямлі. Гэта кананізаваныя як праваслаўнай, так і каталіцкай цэрквамі епіскап Полацкі Міна, епіскап Полацкі Дыянісій, Кірыла Тураўскі і Елісей Лаўрышаўскі, а таксама Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Леў Сапега, Гаўрыіл Беластоцкі, Францыск Скарына і Іван Фёдараў. Фігура Ефрасінні Полацкай са знакамітым крыжам у руках размешчана на самым версе капліцы. А ў яе сярэдзіне на зямлі паміж апорамі стаіць драўляны крыж.

Дзе: скрыжаванне вул. Набярэжнай і вул. Чапаева

Помнік М. В. Доўнар-Запольскаму

Рэчыца – радзіма выдатнага гісторыка і этнографа, "бацькі" беларускай гістарыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага. Ён паставіў перад сабой задачу даказаць, што беларусы – паўнацэнная еўрапейская нацыя, а Беларусь – краіна, якая мае права на незалежнасць і самавызначэнне. Яго фундаментальная праца "Гісторыя Беларусі", што выйшла ў 1925 годзе, але пры гэтым неапублікавана, выклікала крытыку і стала адной з прычын выдварэння вучонага з БССР. Гэту работу выдалі толькі праз 60 гадоў пасля смерці аўтара – у 1994 годзе на беларускай мове, на рускай яна выйшла праз дзевяць гадоў.

У год 130-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага – у 1997 годзе – у Рэчыцы ўстанавілі бронзавы бюст знакамітага ўраджэнца. Помнік стаіць побач з галоўным уваходам у Рэчыцкі раённы ліцэй.

Дзе: вул. Савецкая, 55

Помнік "Рэчыцы сынам, загінуўшым далёка ад Радзімы"

На алеі Воінаў-інтэрнацыяналістаў стаіць пранізлівы мемарыял "Рэчыцы сынам, загінуўшым далёка ад Радзімы". Сем буслоў са складзенымі крыламі безнадзейна пікіруюць адзін за адным у разлом паміж гранітнымі камянямі. У гэтых птушках увасоблены вобраз ураджэнцаў Рэчыцы, якія загінулі ў баях у час розных ваенных канфліктаў далёка за межамі роднай краіны. У першую чаргу, у Афганістане: паводле задумы стваральнікаў каменныя глыбы – сімвал ісламскага фундаменталізму. Помнік дасягае 7,5 метра ў вышыню, ён стаіць у цэнтры пляцоўкі з бетону. Аўтарам праекта выступіў Эдуард Агуновіч, скульптурная кампазіцыя - вынік работы Уладзіміра Слабодчыкава.

Дзе: сквер па вул. Маладзёжная

Карцінная галерэя Аляксандра Ісачова

З Рэчыцай звязаны лёс аднаго з самых загадкавых мастакоў Беларусі XX стагоддзя – Аляксандра Ісачова. Нарадзіўся будучы майстар у вёсцы Азарычы (Калінкавіцкі раён) 11 студзеня 1955 года. У Рэчыцу разам з маці пераехаў у трохгадовым узросце.

Талент мастака выявіўся яшчэ ў дзяцінстве. Першыя ўрокі майстэрства Аляксандр атрымаў у Мазыры, потым у Мінску ў спецыялізаванай школе для адораных дзяцей. Пасля чатырох гадоў навучання яго адлічылі за парушэнне правіл – перафарбаваў валасы ў рыжы колер. У 18 гадоў Ісачоў паехаў у Ленінград, дзе ўліўся ў асяроддзе мастакоў-авангардыстаў. Тады аформіўся яго самабытны стыль у тэхніцы лесіровачнага пісьма.

Акрамя жывапісных твораў і графікі, Аляксандр Ісачоў пісаў іконы, распісваў цэрквы. Усяго з-пад яго пэндзля выйшла больш за 500 работ, і многія з іх цяпер знаходзяцца ў прыватных калекцыях за мяжой.

На жаль, мастак пражыў толькі 32 гады: 5 снежня 1987 года Аляксандр Ісачоў памёр у час работы за мальбертам. Спынілася сэрца…

Амаль за месяц да смерці ў Рэчыцы адкрылася выстава, дзе ўпершыню публічна дэманстраваліся яго работы. Экспазіцыя выклікала шчыры інтарэс у гараджан, яе наведалі 20 тысяч чалавек. Для майстра гэта было прызнанне. На жаль, Аляксандр Ісачоў не застаў прадаўжэння свайго поспеху ўжо ў сталіцы. Пасля яго смерці ў маі 1988 года ў мінскім Палацы прафсаюзаў выстаўляліся 32 карціны мастака. Экспазіцыя літаральна стала сенсацыяй – людзі многія гадзіны праводзілі ў чэргах, каб на свае вочы ўбачыць незвычайныя работы. Усяго выставу наведалі больш за 200 тысяч чалавек.

У Беларусі сёння ў адкрытым доступе ёсць пяць карцін Ісачова: "Ля крыніцы", "Варажба на шары", "Настаўнік", "Магія" з серыі "Уладыка", "Андрэй Першазваны". Усе палотны - арыгіналы і знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі карціннай галерэі Рэчыцкага краязнаўчага музея. Там жа выстаўлены 30 графічных твораў. У студзені 2015 галерэі прысвоена імя Аляксандра Ісачова.

Дзе: вул. Набярэжная, 11

Музей "Беларуснафты"

Больш за паўстагоддзя таму ў наваколлі Рэчыцы было адкрыта нафтавае радовішча, а праз два гады пасля гэтай знакавай падзеі - у 1966 годзе - з'явілася аб'яднанне "Беларуснафта". Сёння работа большай часткі насельніцтва горада так ці інакш звязана са здабычай карыснага выкапня. Менавіта ў Рэчыцы пачалася гісторыя нафтавай галіны Беларусі.

У гонар паднятай на "Беларуснафце" 100-мільённай тоны чорнага золата ў 1998 годзе была адкрыта галерэя працоўнай славы прадпрыемства. Яе стварылі ў Палацы культуры і тэхнікі "Нафтавік". За гэтыя гады музей тройчы рэканструявалі, апошні раз - у гонар 55-годдзя з моманту адкрыцця залежаў нафты каля Рэчыцы.

Сёння ў галерэі наведвальнікам даступны дакументы, фатаграфіі, мініяцюрныя копіі розных аб'ектаў прадпрыемства: буравой устаноўкі, пампавальнага ўстройства, сонечнай электрастанцыі (дарэчы, самай вялікай у краіне!), АЗС і інш. Памяшканні палаца культуры не ўмяшчаюць усе набытыя за пяць дзесяцігоддзяў экспанаты. Таму многія з іх перанесены ў віртуальны фармат і дэманструюцца на спецыяльных мультымедыйных панэлях.

Дзе: вул. Савецкая, 38

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: