Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Оршы: горад манастыроў, калегіум-турма і дом Караткевіча

Што паглядзець у Оршы: горад манастыроў, калегіум-турма і дом Караткевіча

Орша, "усходнія вароты Беларусі", упершыню згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1067 годзе пад назвай Ръша (часам сустракаецца таксама напісанне "Рша"). Тады полацкага князя Усяслава Чарадзея з сынамі князі Яраславічы паклікалі "на Ршу у Смоленска" на перагаворы. Усяслаў перасёк Днепр, але яго схапілі, адправілі ў Кіеў і пасадзілі ў "поруб" – зруб без дзвярэй, які ўзводзілі вакол вязня…

Сваю назву горад атрымаў ад прытока Дняпра – Аршыцы. У даследчыкаў да гэтага часу няма адзінага меркавання, ад чаго пайшла назва самой ракі. Адны вучоныя лічаць, што слова мае славянскія карані. Іншыя гавораць пра балцкае і фіна-вугорскае паходжанне.

У час руска-літоўскай вайны 8 верасня 1514 года на Крапівенскім полі паблізу Оршы сышліся ў жорсткай бітве аб'яднанае войска ВКЛ і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага і войска маскоўскае. Адзіная армія атрымала верх над праціўнікам.

Амаль тысячагадовая гісторыя пакінула свой адбітак на абліччы горада. Тут і манастыры эпохі барока, гара, на якой стаяў сярэдневяковы замак, храмы, пабудаваныя яшчэ да рэвалюцыі... Орша – родны горад аднаго з самых вядомых і самабытных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча.

Замчышча

У цэнтры сучаснай Оршы, каля сутокі Аршыцы і Дняпра, ёсць узгорак, на якім шмат гадоў таму стаяў мураваны 5-вежавы замак. Будаваць яго пачалі пры Вітаўце ў канцы XIV стагоддзя. Да XVI стагоддзя замак быў гатовы толькі напалавіну, але гэта не перашкодзіла яму перажыць некалькі аблог. У ходзе войнаў замак нярэдка пераходзіў з рук у рукі.

Падарожнікі, якія праязджалі цераз горад у канцы XVII стагоддзя, не згадвалі больш пра мураваныя будынкі замка. Пасля Паўночнай вайны горад ужо не адбудоўваў свае ўмацаванні. Да нашага часу ад замка амаль нічога не засталося. Усё XX стагоддзе вучоныя шукалі сляды замка, і ў 2003 годзе археолагі адшукалі астаткі фундамента.

Замкавы пагорак – must see для турыстаў, якія наведваюць горад. Цяпер на месцы ўмацавання ўсталяваны памятны знак у гонар заснавання Оршы ў 1067 годзе і пліта са згадваннем пра былы замак.

Як і ў многіх замкаў, у Аршанскага ёсць свая легенда. Яна гаворыць, што некалі з яго падзямелля пад самай ракой праклалі тайны ход, па якім можна было перабрацца на процілеглы бераг Дняпра. І памеры тунэля дазвалялі свабодна прайсці каню з узброеным вершнікам.

Дзе: вул. Замкавая

Богаяўленскі Куцеінскі манастыр

Мужчынскі праваслаўны манастыр XVII стагоддзя размясціўся далей па Дняпры ад замкавай гары. Сваю назву атрымаў ад невялікай рэчкі Куцеінкі, што цячэ побач.

Дазвол на будаўніцтва 19 мая 1620 года выдаў патрыярх Феафан III. Днём жа заснавання манастыра лічыцца 19 верасня 1623 года, калі фундатар Багдан Статкевіч даў дароўную на манастыр.

У комплекс лаўры ўваходзілі Богаяўленскі сабор (1635), царква Святога Духа ў стылі ранняга барока (з 1762 года атрымала назву Святой Тройцы), званіца, розныя гаспадарчыя пабудовы і жылыя памяшканні. У наш час адноўлена Троіцкая царква.

У 1631 годзе ў манастыры дзівосным чынам адбылося аднойдзенне абраза Божай Маці – нябеснай заступніцы Оршы. На жаль, арыгінал абраза знік, і да гэтага часу няма ніякіх звестак пра яго месцазнаходжанне. Захавалася некалькі копій, адна з якіх захоўвалася ў аршанскім Успенскім жаночым манастыры, разбураным пры савецкай уладзе.

Пры лаўры дзейнічала друкарня, дзе па запрашэнні першага ігумена манастыра  Іаіля працаваў Спірыдон Собаль. У 1631 годзе кнігадрукар выпусціў у Оршы свой знакаміты куцеінскі "Буквар" – першы на беларускіх землях. Акрамя таго, як лічаць даследчыкі, менавіта Собалю належыць аўтарства ідэі выдання першага ў свеце "Буквара".

Дзе: вул. Скарыны, 79

Свята-Успенскі жаночы манастыр

Яшчэ адзін праваслаўны манастыр стаіць недалёка ад Богаяўленскага на беразе Дняпра побач з Куцеінкай. Яго гісторыя пачалася ў 1631 годзе, калі княгіня Ганна Агінская (маці Багдана Статкевіча) выдзеліла ўчастак на будаўніцтва манастыра і аддала на яго карысць частку сваіх зямельных уладанняў.

Манастырскі комплекс складаўся з драўляных і мураваных цэркваў, жылых памяшканняў, гаспадарчых пабудоў і двух'яруснай брамы-званіцы.

У 1655 годзе быў пабудаваны з каменю Успенскі сабор. У 1691 годзе ўзведзена цагляная царква Раства Маці Божай, якую разам з астатнім комплексам знішчылі савецкія ўлады ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

У 1920-я гады манастыр закрылі, культавыя збудаванні ператварыліся ў склад і вяндлярню. Успенскі сабор зноў адкрыў дзверы толькі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер на месцы былога манастыра стаяць шматпавярхоўкі і школа.

Амаль два стагоддзі ў манастыры захоўваўся цудатворны спіс абраза Казанскай Божай Маці.

Пасля закрыцця манастыра манашкі служылі пры Свята-Ільінскай царкве. Сам храм пабудаваны ў 1880 годзе на месцы знішчанай у пажары драўлянай царквы XVI стагоддзя. Манастыр адрадзіўся ўжо на новым месцы ў 1996 годзе. Для сясцёр узведзены жылы двухпавярховы корпус. У 2006 годзе была пабудавана і асвячона Успенская царква манастыра.

Дзе: вул. Ільінская, 1

Езуіцкі калегіум

Гэтыя будынкі ў стылі барока можна назваць самай вядомай славутасцю Оршы.

У 1590 годзе Леў Сапега купіў зямлю на беразе Аршыцы, дзе размяшчаўся мясцовы кальвінскі збор, для заснаванай езуіцкай рэзідэнцыі. Тады ў Віцебскім ваяводстве не было вучылішчаў для моладзі. У 1609 годзе кароль Сігізмунд III Ваза падтрымаў рашэнне запрасіць у Оршу езуітаў. Ён таксама ахвяраваў ім прыход і землі. У 1616 годзе пасля зацвярджэння папам Паўлам V гэтых уладанняў рэзідэнцыя стала калегіумам.

Першапачаткова ўсе будынкі былі драўлянымі, таму выпрабаванні пажарам 1680 года не вытрымалі. Пасля гэтага іх будавалі ўжо з каменю: былі ўзведзены манастырскі корпус, вучылішча, бурса, бібліятэка, гаспадарчыя пабудовы і архіў. Пры калегіуме працавалі школьны тэатр і аптэка, а службы ішлі ў касцёле. Акрамя таго, у аранжарэі манахі ордэна вырошчвалі мноства раслін, у тым ліку лекавых.

У 1820 годзе імператар Аляксандр I канчаткова забараніў дзейнасць езуітаў у Расійскай імперыі. Маёмасць ордэна канфіскавалі. Школу перадалі дамініканцам, калегіум ператварыўся ў павятовае вучылішча, а касцёл стаў уласнасцю праваслаўнай царквы. Пазней, у 1829 годзе, закрылі дамініканскую школу. Пасля 1831 года разбурылі касцёл. Каля дзесяці гадоў комплекс знаходзіўся ў забыцці, пакуль у 1840-я не быў аддадзены ваеннаму ведамству. Тады калегіум кардынальна змяніў сваё прызначэнне, стаўшы... турмой. У такім статусе былая рэзідэнцыя езуітаў прабыла аж да канца 1980-х гадоў.

На заранку незалежнасці Беларусі было вырашана аднавіць помнік барочнай архітэктуры. Тэрыторыю расчысцілі, правялі археалагічныя раскопкі. Некаторыя пабудовы дрэнна захаваліся і разбурыліся – барацьбу з часам прайгралі будынкі на беразе Аршыцы і паўночнае крыло бурсы.

Маштабная рэканструкцыя комплексу пачалася ў 2007–2008 гадах і завяршылася ў 2014-м. Над калегіумам надбудавалі 26-метровую вежу, у якой знаходзяцца чатыры цыферблаты гадзіннікаў, што кожную гадзіну прайграюць розныя мелодыі.

Сёння карпусы былога калегіума займаюць дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя, аддзел па культуры райвыканкама, Аршанскі дом рамёстваў.

Дзе: вул. Леніна, 6

Горад манастыроў

Акрамя праваслаўных, у Оршы размяшчаліся яшчэ і некалькі каталіцкіх манастыроў.

Манастыр трынітарыяў (вул. Камсамольская, 21), заснаваны ў 1714 годзе братамі Адамам і Уладзіславам Саковічамі, пабудаваны ў стылі барока. Складаўся з цаглянага касцёла Пакут Гасподніх і корпуса для браціі. Да нашых дзён захаваўся толькі жылы корпус, у якім цяпер размешчаны архіў і ЗАГС. Касцёл у 1832 годзе перадалі ў праваслаўны Уваскрасенскі сабор. У 1930-я будынак храма выкарыстоўваўся пад аэраклуб, а ў 1950-я гады знесены.

Менш пашанцавала манастыру базыльян (завулак Музейны, 12), пабудаванаму ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Пры манастыры існаваў касцёл Апекі Маці Божай. У 1842 годзе яго пераасвяцілі ў праваслаўны Свята-Пакроўскі мужчынскі манастыр. А ў 1967 годзе царкву ўзарвалі. Сёння захаваўся толькі напаўразбураны жылы корпус.

Недалёка ад базыльянскага манастыра размешчаны астаткі былога манастыра ордэна францысканцаў (вул. Дамініканская, 4). Пабудаваны ён быў у 1680 годзе і ўключаў у сябе касцёл Святога Антонія і жыллё для братоў. Пасля паўстання 1831 года манастыр закрылі. Праз шмат гадоў, пасля Вялікай Айчыннай вайны, касцёл, моцна пацярпелы ад баявых дзеянняў, вырашылі знесці поўнасцю, а жылы корпус аддалі гараджанам, якія мелі патрэбу ў даху над галавой. Цяпер будынак аддадзены Беларускай праваслаўнай царкве.

Жылы корпус кляштара бернардзінцаў (вул. Камсамольская, 2) да гэтага часу служыць на карысць грамадства – цяпер тут размешчана адно з аддзяленняў гарадской бальніцы. Сам ордэн бернардзінцаў з’явіўся ў Оршы ў 1630 годзе, кляштар – касцёл і келлі – пабудавалі праз шэсць гадоў. Кляштар таксама закрылі пасля паўстання 1831 года. З таго часу не захаваўся ні сам касцёл, ні нават яго выявы.

Таксама ў Оршы існаваў кляштар ордэна дамініканцаў, ад якога застаўся храм Святога Іосіфа Заручніка.

Царква Святога Іосіфа Заручніка

Каталіцкі храм, архітэктура якога спалучае элементы барока і класіцызму, стаіць у цэнтры Оршы недалёка ад ракі Аршыцы. Будынак уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прамавугольным атыкам і акном-ружай.

Першапачаткова касцёл, пабудаваны ў 1649 годзе, адносіўся да дамініканскага кляштара і быў пабудаваны з дрэва. Сваё цяперашняе аблічча храм атрымаў у 1780–1808 гадах, калі на месцы драўлянай пабудовы ўзвялі мураванае збудаванне. У 1845 годзе ордэн дамініканцаў на тэрыторыі Расійскай імперыі быў скасаваны, кляштар закрылі, але касцёл прадоўжыў работу як парафіяльны.

Савецкая ўлада не стала разбураць касцёл – у 1937 годзе храм быў закрыты і аддадзены пад Дом культуры. У такой якасці ён працаваў больш за 50 гадоў, а ў 1989 годзе быў вернуты Каталіцкай царкве і адрэстаўрыраваны.

Дзе: вул. Савецкая, 6

Млын – этнаграфічны музей

Гэты будынак у цэнтры горада складана не заўважыць – пабудаваны ў 1902 годзе з чырвонай цэглы на беразе рукатворнага рова, які злучае Аршыцу з Дняпром.

Сваю непасрэдную функцыю млын выконваў да першых пасляваенных гадоў, потым быў пераведзены на электрычнасць. З часам неабходнасць у млыне адпала і будынак выкарыстоўваўся як склад.

Новае жыццё "млына" пачалося ў 1992 годзе, калі яго перадалі аддзелу культуры. З 1995 года тут размяшчаецца Аршанскі этнаграфічны музей з лаканічнай назвай "Млын". Экспазіцыя музея дае магчымасць даведацца больш пра побыт мінулых пакаленняў аршанцаў і жыхароў суседніх раёнаў. Ды і сам будынак млына ўяўляе сабой помнік прамысловай архітэктуры пачатку XX стагоддзя.

Дзе: вул. Замкавая, 2

Мемарыял "За нашу Савецкую Радзіму" ("Кацюша")

На беразе Дняпра размешчаны мемарыяльны комплекс "Кацюша", прысвечаны легендарным падзеям Вялікай Айчыннай вайны – недалёка ад Оршы, каля вёскі Пішчалава 14 ліпеня 1941 года быў ажыццёўлены першы баявы залп рэактыўнага мінамёта "Кацюша".

Мемарыял пабудаваны ў 1966 годзе да 25-годдзя знакавай даты групай аўтараў, у якую ўвайшлі архітэктары Леанід Левін, Юрый Градаў і Валянцін Занковіч.

У цэнтры комплексу на п'едэстале ўстаноўлены макет "Кацюшы", сабраны з выкарыстаннем арыгінальных дэталей гвардзейскага мінамёта і сапраўднага грузавіка ЗіС-6. Побач размешчаны бетонныя 8-метровыя "мінамётныя ўстаноўкі". Каля ўвахода ў комплекс стаіць чорны куб з інфармацыйнай таблічкай.

Дзе: вул. Камсамольская

Музей Уладзіміра Караткевіча

Орша – родны горад аднаго з самых любімых і вядомых беларускіх пісьменнікаў – Уладзіміра Караткевіча. Зразумела, у горадзе не маглі не ўвекавечыць памяць знакамітага земляка. Пачатак быў пакладзены ў 1994 годзе, калі ў экспазіцыі музея "Нашы знакамітыя землякі" з’явіўся раздзел, прысвечаны Караткевічу. Гэты раздзел вырас у паўнацэнны музей з дзвюма выставачнымі заламі і пастаяннай экспазіцыяй.

У музеі можна ўбачыць дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы, узноўлены фрагмент кабінета Уладзіміра Сямёнавіча. Таксама можна пачуць запіс голасу класіка, песні на яго вершы, паглядзець кінакарціны, знятыя паводле яго сцэнарыяў.

Адметны і сам будынак музея. Гэта помнік грамадзянскай архітэктуры канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў. З 1925 года тут размяшчаўся радзільны дом, у якім 26 лістапада 1930 года з'явіўся на свет Уладзімір Караткевіч.

У 2020 годзе Беларусь адзначала 90-годдзе класіка, і ў яго роднай Оршы не абышлося без падарункаў. На сцяне дома па адрасе Жан-Поля Марата, 2, якая выходзіць на вуліцу імя самога Караткевіча і знаходзіцца ўсяго за некалькі метраў ад дома пісьменніка, з'явіўся мурал у яго гонар. Аршанскі мастак Дзмітрый Талкачоў выкарыстаў у эскізе аўтарскія малюнкі Уладзіміра Караткевіча і фрагменты яго рукапісаў.

Сам дом, дзе Уладзімір Караткевіч напісаў сваё знакамітае "Дзікае паляванне караля Стаха", выкупіў мецэнат Андрэй Балабін і плануе адрэстаўрыраваць яго, а побач пабудаваць новы сучасны музей беларускага класіка.

Дзе: вул. Леніна, 26

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: