Другі па велічыні і насельніцтве горад Беларусі, адзін з буйнейшых прамысловых, дзелавых і адукацыйных цэнтраў краіны, галоўны транспартны вузел паўночна-ўсходняга рэгіёна. І ён жа старадаўні, утульны, прывабны для няспешных прагулак і знаёмства з выдатнымі мясцінамі, якія захаваў час. Упершыню ў летапісах Гомель згадваецца ў 1142 годзе. На працягу стагоддзяў перыяды яго росквіту змяняліся разбурэннямі і заняпадам, але горад прадаўжаў жыць і развівацца.
У канцы ХVIII стагоддзя тутэйшыя землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, і Кацярына II падаравала гомельскае староства графу Пятру Румянцаву. Імператрыца нават выдзеліла з казны грошы на будаўніцтва графскага палаца. Цудоўная рэзідэнцыя – сёння галоўная жамчужына Гомеля – вырасла на месцы драўлянага замка былых уладальнікаў горада князёў Чартарыйскіх. За гады палац не раз перабудоўвалі, тэрыторыю вакол дапаўнялі новымі збудаваннямі, ператварыўшы маёнтак у адзін з самых уражальных архітэктурных ансамбляў Усходняй Еўропы. Вялікі ўклад у развіццё горада і рэзідэнцыі ўнеслі вядомы дыпламат і мецэнат Мікалай Румянцаў, пазней – знакаміты палкаводзец Іван Паскевіч і іншыя прадстаўнікі роду…
Існуе некалькі версій, як з'явілася назва Гомель. Самая верагодная звязана з ручаём Гамяюк, які ўпадаў у раку Сож ля месца першага паселішча. У сваю чаргу Гамяюк можа паходзіць ад фіна-вугорскага homma joki – "хуткая рака". Некаторыя даследчыкі ўзгадваюць славянскае слова гом – "пагорак, бугор"... Яшчэ адна папулярная легенда расказвае, як у старажытнасці людзі, праводзячы па рацэ плыты, папярэджвалі адзін аднаго аб небяспецы сесці на водмель і гучна крычалі "Го! Мель!"…
Сёння Гомель прыцягвае турыстаў перш за ўсё сваім цудоўным палацава-паркавым ансамблем, які ўваходзіць у топ папулярных выдатных мясцін Беларусі. Але ў горадзе ёсць яшчэ шмат аб'ектаў must see – і яны могуць вас здзівіць!
У 1777 г. генерал-фельдмаршал Пётр Румянцаў заклаў палац у гістарычным месцы на беразе Сажа. У старажытнасці тут размяшчаўся дзяцінец радзімічаў, а да канца ХVIII стагоддзя стаяў стары замак вялікакняскіх магнатаў Чартарыйскіх. Да будаўніцтва прыцягнулі лепшых архітэктараў свайго часу. Як лічаць вучоныя, мяркуючы па стылі галоўным аўтарам праекта мог быць таленавіты дойлід Іван Староў – стваральнік многіх будынкаў у Санкт-Пецярбургу, у тым ліку знакамітага Таўрычаскага палаца. Раскошная каменная рэзідэнцыя ў Гомелі стала раннім узорам архітэктуры рускага класіцызму.
У час наступнага гаспадара – Мікалая Румянцава – тут адбыліся вялікія змяненні па праекце вядомага архітэктара Джона Кларка. А сам палац, прыгажосцю і вытанчанасцю якога захапляліся сучаснікі, паступова станавіўся сапраўднай скарбніцай: граф быў знатаком мастацтва і заўзятым збіральнікам калекцый. Яго ўклад у фарміраванне Гомеля як зручнага еўрапейскага горада ў пачатку XIX стагоддзя быў вялізны.
У 1834 г. уладальнікам гомельскіх зямель стаў вялікі военачальнік генерал-фельдмаршал Іван Паскевіч. Пасля некалькіх гадоў заняпаду ён вярнуў былую славу маёнтку і прадоўжыў фарміраванне палацавага ансамбля. У 1919 г. палац Румянцавых і Паскевічаў быў ператвораны ў музей, і сёння гэта адна з самых наведвальных выдатных мясцін краіны.
Дзе: пл. Леніна, 4
Атрымаўшы ў валоданне палац, граф Іван Паскевіч разгарнуў маштабныя работы. Рэканструкцыяй кіраваў выдатны архітэктар Адам Ідзкоўскі, які прапанаваў шмат новаўвядзенняў. Напрыклад, на месцы правага флігеля вырасла княжацкая вежа, да фасада з боку ракі быў прыбудаваны грот з верандай…
Але галоўнае, вакол палаца пачалі ствараць цудоўны парк. З розных краін прывозілі дрэвы і кусты, разбівалі алеі, закладвалі газоны з кветнікамі, добраўпарадкоўвалі гроты, устанаўлівалі альтанкі, фантаны, копіі антычных скульптур. Рэчышча старажытнага ручая Гамяюк ператварылася ў Лебядзінае возера. Гомельскі парк уражваў сучаснікаў, а спецыялісты лічылі яго адным з лепшых узораў садова-паркавага мастацтва ў імперыі.
Сёння гэта тэрыторыя плошчай 34 га – не толькі помнік гісторыі і архітэктуры, але і прыродны здабытак. Палацава-паркавы ансамбль аб'ядноўвае гарадзішча старажытнага і сярэдневяковага горада X–XVIII стагоддзяў, палац Румянцавых і Паскевічаў, Петрапаўлаўскі сабор, капліцу-пахавальню сям'і Паскевічаў, Паляўнічы домік, Зімовы сад з вежай агляду... Прыгажосць парку, дзе расце 5 тысяч дрэў, у тым ліку нямала экзатычных, захапляе ў любую пару года. Акрамя таго, кожную вясну тут высаджваюць тысячы цюльпанаў – вядома, пакуль менш, чым у сусветна вядомым каралеўскім парку кветак Кёкенхоф у Нідэрландах, але ў маштабах Беларусі гэта ўнікальная мясціна.
Аб іншых аб'ектах Палацава-паркавага ансамбля варта расказаць асобна, бо кожны з'явіўся тут у розны час і звязаны са сваёй гісторыяй.
У час вялікай рэканструкцыі, паводле задумы Івана Паскевіча, у палацы вырасла вежа, дзе гаспадар уладкаваў асабістыя апартаменты. Тут ён размясціў багатыя калекцыі, ваенныя трафеі, бібліятэку. З цэнтральнай часткай палаца гэты будынак злучыўся галерэяй. Сёння ў гэтай вежы з гадзіннікам размешчана экспазіцыя "Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы". У ёй прадстаўлены арыгінальныя карціны, скульптуры, зброя і асабістыя рэчы арыстакратаў.
Сабор святых Пятра і Паўла быў задуманы графам Мікалаем Румянцавым у 1808 г., а будаўніцтва прадаўжалася дзесяць гадоў з 1809 па 1819 гг. Выдатны храм у стылі класіцызму спраектаваў архітэктар Джон Кларк. Гомельскі сабор нярэдка ставяць у адзін рад з іншымі падобнымі па архітэктуры знакамітымі храмамі – Казанскім саборам у Санкт-Пецярбургу і Пантэонам у Парыжы (царква Святой Жэнеўевы). За гады гісторыі храм у Гомелі наведвалі многія выдатныя людзі – арыстакраты, філосафы, літаратары. Некаторы час пасля рэвалюцыі ён быў закрыты, у савецкі перыяд тут працаваў планетарый, але ўжо многія дзесяцігоддзі гэта галоўны дзеючы храм горада.
У 1870–1889 гг. побач з Петрапаўлаўскім саборам пабудавалі фамільную капліцу-пахавальню. Тут знаходзяцца астанкі самога ўладальніка маёнтка палкаводца Івана Фёдаравіча Паскевіча, а таксама і іншых членаў яго сям'і. Пабудаваная ў псеўдарускім стылі капліца нагадвае маленькі казачны церам. І сёння ён адносіцца да ліку самых яркіх помнікаў сакральнага дойлідства XIX стагоддзя ў Беларусі. Склеп, дзе спачываюць арыстакраты, знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні 3 метры: туды можна спусціцца са спецыяльна пабудаванага побач з капліцай павільёна.
Будынак Зімовага саду ўзведзены ў 1770–1780 гг. адначасова з палацам. Паводле адной з версій, спачатку гэта быў дом прыслугі, паводле іншай, ваенна-паходная канцылярыя. Пазней тут знаходзіліся дваранскае вучылішча і нават цукровы завод. І толькі ў 1877 годзе яго ператварылі ў аранжарэю з багатай калекцыяй экзатычных раслін. Спецыяльна для гэтага пад будынкам пабудавалі дзве печы, а сцены ўнутры выклалі прыроднымі мінераламі, каб павойныя расліны сфарміравалі жывы дыван.
У паўднёвай частцы палацава-паркавага ансамбля недалёка ад Зімовага саду ўзвышаецца старая вежа былога цукровага завода, якая калісьці выконвала функцыю выцяжной трубы. У падземным памяшканні тут знаходзілася кацельня, што давала энергію пары машын. Але ў 1880-я гады ў час рэканструкцыі палаца і аранжарэі гэты ўсечаны гранёны конус стаў выдатнай агляднай пляцоўкай. Разам са шпілем вышыня вежы складае 40 метраў. Падняцца наверх можна ўнутры па вінтавой лесвіцы, якая налічвае 204 прыступкі.
Летняя рэзідэнцыя графа Мікалая Румянцава ў стылі позняга класіцызму пабудавана ў пачатку XIX стагоддзя. Цікава, што сам гаспадар зусім не быў аматарам палявання, а назва асабняка, як мяркуюць гісторыкі, звязана хутчэй з месцазнаходжаннем на ўскраіне горада сярод дрэў. Нярэдка яго называлі "Дом ампір" – за незвычайную канструкцыю і афармленне фасадаў. У 2009 г. у доміку адкрыўся Музей гісторыі Гомеля, прысвечаны шматвяковаму мінуламу і сучаснаму жыццю горада. Калекцыя размясцілася ў 7 залах, шэраг пакояў адноўлены такімі, якімі былі пры Румянцавых.
Госці музея даведаюцца шмат цікавага пра горад над Сожам. Напрыклад, адна з самых цікавых археалагічных знаходак – зброевая майстэрня XII–XIII стагоддзяў – сведчыць, што ўжо ў той час Гомій быў вялікім рамесным і гандлёвым цэнтрам. Гонарам Гомеля ў XIX стагоддзі была апошняя ўладальніца маёнтка княгіня Ірына Паскевіч – вельмі спагадлівая жанчына, дабрачынніца і заступніца гараджан, першая перакладчыца рамана Л.М. Талстога "Вайна і мір" на французскую мову.
Дзе: вул. Пушкіна, 32
На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі можна наведаць яшчэ адну незвычайную экспазіцыю. Тут знаходзіцца філіял унікальнай скарбніцы Беларусі – музея, які краязнавец і калекцыянер Фёдар Шкляраў заснаваў у горадзе старавераў Ветцы. Гомельскае аддзяленне адкрылася ў 2008 г. у гістарычным асабняку. У ХІХ стагоддзі ён выкарыстоўваўся як дом для слуг княжацкай сям'і, пазней тут размяшчаўся шахматна-шашачны клуб. У наш час выставы філіяла, прысвечаныя народнаму мастацтву і цікавым артэфактам мінулага, фарміруюцца з калекцый Веткаўскага музея і мяняюцца кожныя 3–5 месяцаў.
Прыродная славутасць Гомеля – рака Сож, воды якой заслужана лічацца аднымі з самых чыстых у Еўропе. З ёй звязана багатая гісторыя горада, а бераг, дзе знаходзіліся стары дзяцінец і палацава-паркавы ансамбль, заўсёды быў месцам прыцягнення. З даўніх часоў яго добраўпарадкоўвалі ўладальнікі маёнтка Румянцавы і Паскевічы. У 1960–70-я лінія ля вады пачала ператварацца ў набярэжную, але зручнай і прыгожай пешаходнай артэрыяй горада яна стала пасля маштабных рэканструкцый у 2010-я.
Працягласць набярэжнай – каля 2,5 км. Тут можна прагуляцца па дарожках з беларускім арнаментам, палюбавацца выдатнымі краявідамі, зрабіць фота з гомельскімі скульптурамі. Напрыклад, на набярэжнай ля гарадскога прычала вы ўбачыце "Лодачніка". Кампазіцыя прысвечана першаму жыхару горада, які паказаны з калчанам і стрэламі за спінай. Побач з ім сядзіць рысь – сімвал Гомеля, што з XVIII стагоддзя ўпрыгожвае гарадскі герб. Недалёка ад Лебядзінага возера – бронзавая "Прагулка з хартамі", якая расказвае гісторыю князя Фёдара Паскевіча і яго гадаванцаў Лорда і Марка. Некалі іх пахаванне было настолькі пампезным, што мала хто з людзей горада быў удастоены такой жалобнай цырымоніі. Камяні на магілах княжацкіх сабак захаваліся да гэтага часу, а гарадская легенда расказвае, што прывіды Лорда і Марка ўначы ахоўваюць палац і чакаюць гаспадара…
У 1970-я з добраўпарадкаваннем гомельскай набярэжнай цераз Сож недалёка ад Кіеўскага спуска перакінулі і пешаходны мост, якога так не хапала гораду. У розных месцах было некалькі перапраў, але з палацавага парка на процілеглы бераг з пляжам можна было трапіць толькі на катары, які курсіруе раз у гадзіну. Жыхары прыгарада таксама мелі нязручнасці, дабіраючыся на работу. Вырашыў праблему новы мост на высокіх апорах, які стаў прадаўжэннем вуліцы Баўмана. Гарадская легенда расказвае, што адразу на ёй збіралі цэнтральную кансоль разам з аркай і толькі потым падцягнулі да месца злучэння. Але будаўніцтва ішло паступова, і канструкцыя, якая стала візіткай горада, нарошчвалася над вадой часткамі. Вышыня і шырыня пралётаў спраектаваны так, каб не перашкаджаць суднаходству. Але галоўнае – з моста адкрываюцца захапляльныя віды на Сож, набярэжную і прычал, помнік першаму гамяльчаніну і, вядома, цудоўны палацава-паркавы ансамбль.
У цэнтральнай частцы горада недалёка ад набярэжнай Сажа знаходзіцца дзеючая стараверская Свята-Ільінская царква – помнік беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVIII стагоддзя. Цікава, што раней тут таксама стаялі стараверскія храмы. Аднак абодва былі разабраны: Спасаў – у 1737 г., а ўстаноўленая на яго месцы царква прарока Ільі – у 1793 г. Цяперашні храм узведзены ў 1773–1774 гг. і асвячоны ў верасні 1794 г. У першай палове XIX стагоддзя пры храме існаваў змешаны – мужчынскі і жаночы – скіт старавераў. Лічыцца, што сюды прыязджаў маліцца Емяльян Пугачоў. За гады гісторыі царква была аднаверскай, але зноў вярнулася стараверам, аднойчы ненадоўга закрывалася, аднак нават у савецкі час заставалася дзеючай. Комплекс складаецца з 3 частак – бабінца, сярэдняга зруба і пяціграннай алтарнай апсіды.
Дзе: вул. Камісарава.
Плошча, якая з'явілася ў канцы XVIII – пачатку XIX стст., была галоўным месцам сустрэч у Гомелі. Тры разы ў тыдзень тут збіраліся прадаўцы і пакупнікі з усёй акругі: сяляне, кіраўнікі маёнткаў, буйныя купцы і дробныя гандляры везлі свой тавар. А двойчы на год праходзілі вялікія кірмашы: у студзені – Васільеўскі, у верасні – Узвіжанскі, куды з'язджаліся і з-за мяжы. Таму плошча называлася Базарнай, або проста Гандаль. Ад бойкага месца прамянямі разыходзіліся вуліцы Румянцаўская (цяпер Савецкая), Замкавая (праспект Леніна) і Фельдмаршальская (Пралетарская). Сёння Плошча Леніна, якая знаходзіцца адразу перад старадаўнім паркам – ключавы пункт Гомеля, сімвалічнае месца пачатку дарог рэгіёна.
У верасні 2020 г. адбылася цырымонія адкрыцця на плошчы Леніна новай выдатнай мясціны. Цяпер тут узвышаецца 60-метровы флагшток, на якім развяваецца дзяржаўны сцяг памерам 6х12 м. Гомель стаў першым сярод абласных цэнтраў і другім пасля Мінска, дзе ўстаноўлены такі высокі флагшток для дзяржаўнага сцяга.
Архітэктурны ансамбль плошчы Леніна ўпрыгожвае тэатр. Ён быў заснаваны яшчэ ў 1939 г., а новы велічны будынак гомельская трупа атрымала ў 1954 г. Фасад з высокімі калонамі, ляпніна, дэкаратыўныя дэталі – праект вытрыманы ў неакласічным стылі пасляваеннай савецкай эпохі. Зала тэатра ўмяшчае крыху менш як 500 гасцей. Сёння ў рэпертуары – лепшыя ўзоры класічнай і сучаснай айчыннай і сусветнай драматургіі. Таксама на сцэне тэатра праходзіць ужо любімы гледачамі фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы".
Дзе: пл. Леніна, 1
Ад плошчы Леніна і гомельскага парку да цэнтра горада вядзе вуліца Савецкая. Некалі яна мела назву Чачэрская, Паштовая, Шашэйная дарога, Прабойная ("прабіла" горад), Румянцаўская (у гонар уладальніка маёнтка графа Мікалая Румянцава), а ў 1919 г., як і многія цэнтральныя артэрыі гарадоў СССР, стала Савецкай. Сёння на ўсім яе працягу размешчаны значныя аб'екты Гомеля. А гараджане і турысты любяць вуліцу за каларыт старога губернскага горада: менавіта тут захаваліся будынкі ў стылі мадэрну і неакласіцызму другой паловы XIX – пачатку ХХ стст.
Забудова вуліцы каменнымі дамамі пачалася пасля частых пажараў у 1850–60-я, калі большасць драўляных будынкаў не толькі ў цэнтры, але і па ўсім горадзе згарэла дашчэнту. Румянцаўская ператварылася ў самую раскошную вуліцу Гомеля – з шырокімі тратуарамі, бліскучымі вітрынамі магазінаў, банкамі, канторамі, атэлье, даходнымі дамамі…
Сярод захаваных славутасцей – будынак гарадской думы і ўправы (1880-я), дзе сёння знаходзіцца фабрыка "Палесдрук". Знакаміты вуглавы будынак, карнізы і дэкор фасадаў якога нібыта паўтараюць у камені мудрагелістую разьбу драўлянага дойлідства, некалі быў даходным домам купца Лейбы Маянца, пазней вучылішчам, а цяпер з'яўляецца офісам "Белпошты". Яшчэ адзін захаваны даходны дом належаў гомельскаму купцу Якаву Лаўянаву. Будынак Руска-Азіяцкага банка, пабудаваны ў 1910–1912 гг. па праекце Оскара Мунца, прадаўжае выкарыстоўвацца па прызначэнні: цяпер тут працуе гомельскае аддзяленне Нацыянальнага банка. На двух скрыжаваннях узвышаюцца будынкі былых Віленскага (1912) і Арлоўскага (1903) камерцыйных банкаў... Вялікая частка вуліцы Савецкай, якая ідзе далей ад цэнтра – гэта помнік ужо савецкай эпосе з будынкамі ў стылі неакласіцызму, канструктывізму.
На вуліцы Савецкай размешчаны і "футурыстычны" будынак Гомельскага дзяржаўнага цырка. Першая цыркавая трупа з'явілася ў горадзе яшчэ ў 1890 г., не раз пераязджала, пакуль, нарэшце, артысты не атрымалі грунтоўны дом. Ён вырас на галоўнай магістралі ў 1972 г. Акрамя Гомеля, праект будынка цырка быў прызначаны яшчэ для пяці гарадоў СССР – Краснадара, Нікалаева, Грознага, Запарожжа і Стаўрапаля. Над прамавугольным фундаментам першага паверха ўзвышаецца чаша амфітэатра, перакрытая пакатым купалам – і разам гэта канструкцыя, асабліва падсвечаная пражэктарамі ў цёмны час, нагадвае лятаючую талерку. Плошчу побач упрыгожваюць фантан і бронзавы помнік легендарнаму савецкаму клоўну Карандашу – Міхаілу Румянцаву. Так склалася, што комік не толькі часта выступаў на гомельскай арэне, але і сімвалічна звязаны адным прозвішчам з дынастыяй былых уладальнікаў Гомеля.
Дзе: вул. Савецкая, 27
Свой лялечны тэатр з'явіўся ў Гомелі ў 1968 г. з невялікай групы артыстаў жанру, якая існавала пры драматычным тэатры. Заснавальнікам і кіраўніком на працягу двух дзесяцігоддзяў быў Віктар Чарняеў. У пачатку 2000-х трупа атрымала ў сваё распараджэнне Дом культуры, які пасля рэстаўрацыі стаў адным з лепшых тэатральных будынкаў не толькі ў Гомелі, але і краіне. Ля ўвахода гасцей сустракаюць скульптуры любімых з дзяцінства герояў казачных гісторый. У рэпертуары тэатра – творы беларускай і рускай драматургіі, сусветная класіка.
Дзе: вул. Пушкіна, 14
Мастацкая скарбніца Гомеля – карцінная галерэя, названая ў гонар выдатнага беларускага мастака Гаўрыілы Вашчанкі, творчасць якога вядома далёка за межамі краіны. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы прызнаў Гаўрыілу Вашчанку "Чалавекам ХХ стагоддзя" і "Чалавекам года'92", Амерыканскі біяграфічны інстытут адзначыў яго як "Чалавека года'94" і ўзнагародзіў імянным медалём "Гонар 2000". Карцінная галерэя ў Гомелі адкрылася ў 2002 г., калі сам майстар перадаў гораду 50 сваіх работ. Пазней яго жонка Мацільда Вашчанка папоўніла калекцыю 70 карцінамі лепшых айчынных майстроў – сяброў і вучняў мастака. Сёння збор налічвае каля 400 палотнаў. Галерэя з'яўляецца не толькі выставачнай пляцоўкай, але і знакавым культурным цэнтрам горада: тут праходзяць лекцыі, сустрэчы з мастакамі, канцэрты і да т.п.
Дзе: пр. Леніна, 43
Экспазіцыя, прысвечаная самым трагічным і адначасова гераічным перыядам беларускай гісторыі, з'явілася ў Гомелі ў 2004 г. напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вясной 2005-га да 60-годдзя Вялікай Перамогі адбылося адкрыццё поўнага музейнага комплексу. Калекцыя Гомельскага музея ваеннай славы расказвае пра падзеі ваеннай гісторыі краю з самых старажытных часоў да нашых дзён. Экспазіцыя размясцілася ў 8 залах двухпавярховага будынка, а таксама на пляцоўцы пад адкрытым небам. Тут працуюць выстаўка ваеннай тэхнікі ХХ стагоддзя, "Партызанскі гарадок", экспазіцыя ў санітарным вагоне, пнеўматычны цір.
Дзе: вул. Пушкіна, 5
Ужо ў працэсе работы Гомельскага музея ваеннай славы вучоныя-гісторыкі сабралі яшчэ адну маштабную калекцыю, якая ў 2010 г. перарасла ў асобны Музей крыміналістыкі. Ён прысвечаны гісторыі барацьбы са злачыннасцю на Гомельшчыне ў 1917–2000 гг. Калекцыя аб'ядноўвае сапраўдныя рарытэты: узоры зброі, міліцэйскую амуніцыю і рыштунак, фрагменты кабінетаў эксперта-крыміналіста і следчага канца ХХ ст., матацыкл, абсталяваны сігнальнымі і гукавымі ўстройствамі, а таксама падробленыя дакументы і грашовыя знакі, канфіскаваныя ў злачынцаў, набор адмычак для адкрыцця замкоў. Наведвальнікі могуць даведацца пра розныя экспертызы, якія праводзяцца праваахоўнымі органамі для раскрыцця злачынстваў.
Дзе: вул. Пушкіна, 22
Гэты музей з'явіўся ў Гомелі па ініцыятыве мясцовай прэсы: экспазіцыя фарміравалася з рарытэтаў рэдакцый гомельскіх газет і журналістаў. У калекцыі – устройствы для друкавання, архіўныя фатаграфіі, старыя чорна-белыя старонкі газет, яркія плакаты і інш.
Дзе: вул. Камунараў, 7
Праваслаўны мужчынскі манастыр у Гомелі быў заснаваны ў 1994 г. да 100-годдзя аднайменнай царквы, якую па благаславенні Іаана Кранштацкага пабудавалі тут яшчэ ў 1904 г. на сродкі чыгуначнікаў. Сёння гэта галоўны храм манастыра, а побач ужо ў нашы дні вырас ансамбль – каменны корпус брацкіх келляў з вялікай трапезнай, пабудаваная на ахвяраванні вернікаў царква ў гонар прап. Дыянісія Раданежскага. Акрамя таго, у вёсцы Церуха знаходзіцца манастырскі падворак з драўляным храмам у гонар Смаленскага абраза Божай Маці (Адзігітрыі) і дамавым храмам свяціцеля Лаўрэнція Тураўскага. Рэліквіі манастыра – часцінка мошчаў свяціцеля Мікалая, якая была перанесена з Італіі, асабліва шануемы спіс Казяльшчанскага абраза Божай Маці, абраз святога праведнага Іаана Кармянскага з часцінкай мошчаў…
Дзе: вул. Мікольская, 4
Манастыр, названы ў гонар Ціхвінскага абраза Божай Маці, у сучасным выглядзе заснаваны ў 1993 г. пры кафедральным саборы святых Пятра і Паўла. Аднак яго гісторыя налічвае ўжо не адно стагоддзе. У 1899 г. стараверскі мужчынскі Успенскі манастыр, заснаваны яшчэ ў 1775-м, быў пераўтвораны ў жаночы праваслаўны. Ён знаходзіўся ў вёсцы Чонкі на беразе Сажа недалёка ад Гомеля, і сёстры тут жылі згодна са строгім Сароўскім статутам. На працягу ХХ стагоддзя манастыр не раз закрывалі і зноў вярталі да жыцця. І з 1993 г. чарговы раз адроджаная абшчына дзейнічае як манастыр. Сёстры нясуць паслушэнства, выкладаюць у нядзельнай школе, працуюць у іканапіснай і пашывачнай майстэрнях. У манастыра ёсць два падворкі – у вёсцы Бабовічы з Мікольскай царквой і домам для сясцёр і ў Чонках з дамавой царквой і храмам у гонар св. Іаана Прадцечы. Рэліквіі манастыра – спісы Ціхвінскага абраза Божай маці і Божай Маці "Знаменне", абраза з мошчамі Іаана Кармянскага і Ефрасінні Полацкай... Да манастыра адносіцца святая крыніца, ля якой пабудаваны купальні і капліца.
Дзе: вул. Катоўскага, 36