Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Браславе: "мазаічны" касцёл, Уладарка азёр, архітэктура родам з Татр і фестываль на пляжы

Што паглядзець у Браславе:

На вузкай палосцы сушы паміж азёрамі Дрывяты і Навяты размясціўся цэнтр беларускага Паазер'я – горад Браслаў. Упершыню ў пісьмовых крыніцах ён згадваецца ў 1065 годзе: у "Хроніках Быхаўца" сустракаецца варыянт Браслаўль, у "Хроніцы" Мацея Стрыйкоўскага – Braslaw.

Ёсць некалькі меркаванняў аб паходжанні назвы. Вядома версія, што сваім імем Браслаў абавязаны ўнуку Рагнеды Брачыславу Ізяслававічу, які і заснаваў горад. Яна падмацоўваецца яшчэ адным варыянтам назвы – Брачыслаўль. Другая ж трактоўка больш прыземленая. Згодна з ёй, слова Браслаў мае балцкую аснову brasla – "брод". Горад вырас са старажытнага латгальскага і крывіцкага пасялення, археалагічныя даследаванні сведчаць, што Браслаў існаваў ужо ў X стагоддзі.

У часы Полацкага княства гэта быў пагранічны горад. З пачатку XIV стагоддзя Браслаў ужо знаходзіўся пад уладай Вялікага Княства Літоўскага. 8 кастрычніка 1500 года князь Аляксандр Ягелончык падарыў яму магдэбургскае права, праз 14 гадоў сваім прывілеем гэта пацвердзіў князь Сігізмунд I. Горад неаднаразова знішчаўся дашчэнту  ў час частых войнаў. Але кожны раз аднаўляўся з руін. Цяпер Браслаў - утульны курортны цэнтр, які прываблівае не толькі багатай гісторыяй, прыгажосцю ландшафту, але і цікавым фестывальным жыццём.

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры"

Галоўнае багацце Браслава – вядома ж, прырода, паколькі горад узнік у наваколлі цудоўных ледніковых азёр, якім ужо шмат тысяч гадоў. З перашыйка паміж воднымі гладзямі Дрывят і Навят, дзе размяшчаецца гістарычны цэнтр, вуліцы раскінуліся шырэй, і сёння горад літаральна акружаны блакітнымі каралямі.

У Браславе знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры", які аб'ядноўвае больш за 70 жамчужын Беларускага Паазер'я. Буйнейшыя з іх – Дрывяты, Неспіш, Недрава, Войса, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Складаную сістэму аб'ядноўвае рака Друйка, якая выцякае з Дрывят. Сёння парк прапануе гасцям займальныя турыстычныя маршруты, рыбалоўныя туры, месцы для ціхага адпачынку на прыродзе. Знаёмства з краем і горадам можна пачаць на папулярнай базе адпачынку "Дрывяты", якая стаіць на паўвостраве аднайменнага возера. У цёплы сезон тут запрашаюць зрабіць прагулку на яхце і палюбавацца пейзажамі непаўторнай Браслаўшчыны.

Пляж і набярэжная возера Дрывяты

Цэнтр прыцяжэння гараджан і гасцей Браслава – пляж і набярэжная, якія працягнуліся ўздоўж возера Дрывяты. У апошнія гады гэта месца адпачынку стала яшчэ больш зручным і прыгожым, у тым ліку дзякуючы "беларускай Ібіцы" – фестывалю Viva Braslav, які збірае паклоннікаў менавіта на ўзбярэжжы. Водная гладзь і незвычайны захад сонца становяцца лепшымі дэкарацыямі для маштабнага музычнага оpen air.

На набярэжнай пракладзены пешаходныя і веладарожкі, створаны скейт-парк, устаноўлена шмат лавак пад рамантычнымі ліхтарамі. Упрыгожваюць яе і сучасныя скульптуры мясцовых умельцаў – залатая рыбка, пара жураўлёў, памятны знак яшчэ аднаго гарадскога фестывалю-брэнда "Браслаўскія зарніцы". На набярэжнай – у пачатку самай старадаўняй, брукаванай вуліцы Браслава, якая раней называлася Вялікая – устаноўлена Арка здзяйснення жаданняў. І кожны можа праверыць, ці збудзецца загаданае, калі прайсці пад ёй.

На ўзгорку насупраць лініі берага і аўтатрасы Паставы – Браслаў гасцей горада сустракаюць прыкметныя здалёку літары назвы БРАСЛАЎ у стылі Hollywood, якія з'явіліся тут у 2014 годзе. Удаўжыню надпіс расцягнуўся на 15 метраў, кожная літара – вышынёй два метры, а знакамітая беларуская "Ў" узнімаецца яшчэ на 30 см. Цяпер гэта адна з папулярнейшых гарадскіх мясцін для памятных фота.

Дзе: вул. Гагарына

Замкавая гара

Улічваючы прыгранічнае размяшчэнне старажытнага горада, складана ўявіць яго без умацавання. Гарадзішча вышынёй 14 метраў размяшчалася якраз на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навяты ў сэрцы Браслава. Тут стаяў драўляны замак, акружаны насыпнымі валамі. Крэпасць мела сем вежаў, адна з іх – выязная – была з двайнымі жалезнымі варотамі і байніцамі.

У часы ВКЛ браслаўскі фарпост кантраляваў шляхі у Вільню. У Сярэдневякоўі ў замку размяшчаліся мясцовыя ўлады, суды і архіў. Пасля ўваходжання ў склад Рэчы Паспалітай ён страціў сваё абарончае значэнне, крэпасць прыйшла да заняпаду, людзі рассяліліся вакол гарадзішча.

Замкавая гара – знакавае месца для гараджан і must see для турыстаў. Гэта лепшая кропка, каб разглядзець з вышыні Браслаў і азёры, якія яго акружаюць. На гары ўстаноўлены гранітны валун, да якога прымацавана бронзавая таблічка з інфармацыяй аб заснаванні горада. Таксама тут пахаваны чалавек, якім вельмі ганарацца гараджане – доктар Станіслаў Нарбут. З 2011 года ў гістарычным цэнтры Браслава праводзіцца фестываль сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава".

З Замкавай гары можна спусціцца да галоўных храмаў горада – касцёла Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі і царквы Успення Прасвятой Багародзіцы.

Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі – санктуарый Уладаркі азёр

Каталіцкі храм каля падножжа Замкавай гары пабудаваны ў 1824 годзе, а ў 1897 годзе яго пашырылі і перабудавалі ў неараманскім стылі. Касцёл узведзены з бутавага каменю і неатынкаванай цэглы, з двухсхільным дахам, які на фасадзе вянчае шатровая звонавая вежа. Асаблівасць храма – незвычайная тэхніка кладкі каменю, якая нагадвае мазаіку.

Упершыню каталіцкі прыход у Браславе згадваецца ў XV стагоддзі. Першапачаткова гэта быў драўляны будынак, які не раз знішчаўся пажарамі. Пасля падаўлення паўстання 1794 года пад камандаваннем Тадэвуша Касцюшкі расійскія войскі чарговы раз спалілі царкву. Праз трыццаць гадоў на яе месцы пабудавалі касцёл, на гэты раз ужо з каменю. У канцы стагоддзя ён не ўмяшчаў усіх вернікаў, таму было вырашана яго павялічыць. Работы завяршыліся ў 1897 годзе, храм асвяцілі ў гонар Раства Дзевы Марыі.

Касцёл знакаміты шануемым цудатворным абразом Божай Маці Браслаўскай, які стаў вядомым некалькі стагоддзяў таму і атрымаў прыгожую назву "Уладарка азёр". У пачатку XVI стагоддзя ў Браславе быў заснаваны праваслаўны манастыр, а крыху пазней ён перасяліўся на адзін з 15 астравоў возера Неспіш. У 1596 годзе манастыр стаў уніяцкім, а ў 1744-м быў уключаны ў спіс манастыроў, дзе захоўваюцца цудатворныя абразы. Ужо ў той час "Мадонна з вострава" славілася далёка за межамі браслаўскіх зямель, і мноства вернікаў збіраліся на беразе, каб убачыць яе, калі ў пэўныя дні святыню выносілі з храма. …У жніўні 1832 года ў манастыры ад удару маланкі здарыўся вялікі пажар, які  знішчыў усе пабудовы. Уцалеў толькі абраз! На наступны дзень яго – моцна абгарэлы – знашлі на суседнім астраўку.

Па супадзенні, у горадзе якраз завяршалася будаўніцтва касцёла, і абраз было вырашана перанесці туды. Але, як сведчыць паданне, святыня не адразу "пасялілася" ў храме: некалькі разоў яна таямнічым чынам вярталася на востраў. Пісьмовых доказаў аб цудах абраза не захавалася, але мясцовыя жыхары шануюць "Уладарку азёр" як вялікую рэліквію. Многія ўдзячны ёй і за тое, што ў савецкія гады браслаўскі касцёл практычна не закрываўся, а рэлігійнае жыццё ў горадзе не спынялася.

У жніўні 2009 года абраз Божай Маці Браслаўскай Уладаркі азёр урачыста каранаваны – ён стаў сёмай адзначанай Ватыканам святыняй у Беларусі і першай у Віцебскім рэгіёне. Спецыяльна ў гонар гэтай падзеі побач з храмам была пабудавана незвычайная сцэна-каўчэг (карабель), да якой вядзе шырокая каменная лесвіца. У час святой літургіі архібіскуп Кёльнскі кардынал Іаахім Майснер усклаў благаслаўлёныя Бенядзіктам XVI папскія кароны на абразы Ісуса і Багародзіцы. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел 31 іерарх, каля 200 свяшчэннаслужыцеляў і амаль 10 тысяч вернікаў… Самому храму з 2000 г. прысвоены тытул санктуарыя. Штогадова касцёл і пляцоўка-карабель прымаюць тысячы вернікаў, якія з'язджаюцца ў Браслаў на свята ў гонар цудатворнага абраза. Абраз захоўваеццы ў алтары храма і адкрываецца толькі ў час богаслужэнняў.

Дзе: вул. Савецкая, 1

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы

Праваслаўны храм Браслава, які адлічвае сваю гісторыю з ХV стагоддзя, размешчаны цераз дарогу ад каталіцкага прыхода. Зрэшты, сама пабудова значна маладзейшая, паколькі пабудаваная ў 1897 годзе каменная царква ў псеўдарускім стылі прыйшла на змену старому драўлянаму храму Святога Мікалая. Яго спачатку перанеслі на могілкі, а ў сярэдзіне XX стагоддзя і зусім разабралі. Да першай палавіны XX стагоддзя месца паміж двума храмамі было цэнтральнай плошчай горада.

Кубічная ў аснове царква мае чатырохскатны дах, упрыгожаны пяццю купаламі, пяцігранную апсіду, двух'ярусную званіцу. У апсідзе размешчаны драўляны трох'ярусны іканастас, які выраблены спецыяльна для браслаўскага храма, як мяркуецца, адной з кіеўскіх майстэрняў. Царква ганарыцца ўнікальнымі абразамі XVIII-XIX стагоддзяў, сярод якіх "Святы Мікалай", "Апосталы", "Благавешчанне", "Грамніцы", "Пакланенне валхвоў", "Архангел Міхаіл", "Маці Божая з Дзіцем", "Ісус Пантакратар". Большасць з іх прывезены з мястэчка Друя.

Дзе: вул. Ленінская, 70

Бальніца Нарбута – Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр

З другога боку Замкавай гары размешчаны варты ўвагі аднапавярховы будынак з чырвонай цэглы. Цяпер ён належыць Свята-Панцеляймонаўскаму жаночаму манастыру, але да будаўніцтва новага будынка (1994 г.) тут размяшчалася Браслаўская раённая бальніца. Сваім з'яўленнем у пачатку XX стагоддзя яна абавязана доктару медыцыны Станіславу Нарбуту.

Станіслаў Осцік Нарбут са знакамітага роду, скончыў Каралеўскі Баварскі ўніверсітэт у Мюнхене, прыехаў у Браслаў па запрашэнні графа Плятэра. Тут доктар медыцынскіх навук пачаў весці прыватную практыку. Каб атрымаць пасаду ўрача, спатрэбілася мець дыплом, выдадзены ў Расійскай імперыі. Для гэтага медык паступіў у Дэрпцкі ўніверсітэт (цяпер Тартускі), які скончыў у 1891 годзе.

Пасля зацвярджэння на пасаду ўрача Станіслаў Нарбут паклапаціўся пра будаўніцтва новай першакласнай – для тых гадоў – лячэбніцы. І 24 лістапада 1906 года Браслаў атрымаў сучасную земскую бальніцу, у якой нават быў уласны водаправод. Яе галоўным урачом, зразумела, стаў Станіслаў Нарбут. У новай лячэбніцы ён праводзіў аперацыі, займаўся лячэннем розных інфекцый, стараўся знізіць высокую смяротнасць сярод дзяцей.

Акрамя медыцынскай практыкі, актыўны Станіслаў Нарбут узначальваў пажарнае таварыства, іграў у тэатры і ставіў п'есы, удзельнічаў у рабоце страхавой касы. З'яўляючыся па натуры чалавекалюбівай асобай, доктар ніколі не адмаўляў у дапамозе – даваў грошы немаёмным на лякарствы, за свой кошт размяшчаў хворых, якія не маглі сабе дазволіць лячэнне ў бальніцы. З пачаткам Першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію, дзе кіраваў ваенным лазарэтам на Паўночна-Заходнім фронце. Там ён атрымаў раненне, з-за якога давялося спыніць медыцынскую дзейнасць. Вярнуцца да яе ён змог толькі ў 1919 годзе.

Памёр "наш доктар", як яго называлі ў Браславе, у 1926 годзе ад пнеўманіі – у час чарговага візіту да пацыента Станіслаў Нарбут праваліўся пад лёд і цяжка захварэў. Гараджане пахавалі яго як выдатнага чалавека на Замкавай гары. Над магілай узвялі помнік – масіўны куб, які пераходзіць у чатырохгранную 10-метровую стэлу з ліхтаром на верхавіне. Гэты своеасаблівы маяк сімвалізуе старадаўні дэвіз "Свецячы іншым, згараю сам", якога Станіслаў Нарбут прытрымліваўся ўсё жыццё.

У 2006 г. у Браславе адкрыўся Свята-Панцеляймонаўскі скіт як частка Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра. А ўжо праз год дзякуючы актыўнаму жыццю манашак ён быў пераўтвораны ў Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр. Будынак былой бальніцы Нарбута быў адрэстаўрыраваны і пераабсталяваны для патрэб манахінь. Тут уладкаваны дамавая царква ў гонар святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона, келлі насельніц, сястрынская і гасцявая трапезныя, кухня, бібліятэка, келля свяшчэнніка, гасцініца для паломнікаў… Асаблівыя рэліквіі манастыра – абноўлены абраз Божай Маці Казанскай, спіс цудатворнага абраза Божай Маці Уладзімірскай, цудатворны абраз свяціцеля Мікалая, абразы нябесных пакравіцеляў Браслаўскага манастыра – святога Панцеляймона і святой Ефрасінні Полацкай з часцінкамі іх мошчаў.

Дзе: вул. Савецкая, 38

Дамы ў закапанскім стылі

Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Браслаў разам з іншымі гарадамі Заходняй Беларусі адышоў Польшчы. Адбудоўваць вуліцы прыехаў прафесар Віленскага ўніверсітэта архітэктар Юлівуш Клос. Пад яго кіраўніцтвам у цэнтры Браслава ўзвялі ўрадавую калонію (квартал) – комплекс будынкаў для дзяржслужачых. Ён аб'яднаў 18 пабудоў: суд, сядзібы для старасты, адміністрацыйных работнікаў і афіцэраў, дом спорту і дом інжынера, гаспадарчыя пабудовы.

Калонія ўзведзена на ўзгорку над возерам Дрывяты ў так званым закапанскім стылі. Адзін з яго прынцыпаў – гармонія з прыродай, каб будынкі ўпісваліся ў навакольнае асяроддзе. Таксама для гэтага стылю характэрны высокія гонтавыя дахі, дахавыя вокны з узорамі з разыходных прамянёў, вокны розных памераў, якія чаргуюцца, шматлікія камінныя трубы, часткова атынкаваныя сцены.

Большая частка комплексу захавалася да гэтага часу. Праўда, знешні выгляд некаторых будынкаў змяніўся: іх перафарбавалі, абшылі новымі матэрыяламі, да нейкіх дабавіліся прыбудовы, у іншых гонтавы дах замянілі на дахоўкавы. У былым будынку староства цяпер размясціўся Браслаўскі райвыканкам (вул. Савецкая, 119). Таксама ў закапанскім стылі выкананы драўляны калодзежны шацёр, размешчаны ў двары Дома культуры (вул. Савецкая, 106).

Гісторыка-краязнаўчы музей

З багатым мінулым Браслава гасцей знаёміць гісторыка-краязнаўчы музей, размешчаны ў старым гарадскім асабняку. У шасці залах экспазіцыі можна знайсці незвычайныя прадметы – рэдкія не толькі для Беларусі, але і ў цэлым для зямель усходніх славян. Сярод іх, напрыклад, старажытнаегіпецкая статуэтка ўшэбці, знойдзеныя ў кургане каля возера Укля жаночыя ўпрыгажэнні ХI стагоддзя, металічныя пісалы браслаўчан і праслачка ХІ стагоддзя са знакамі кірыліцы, сярэбраны скарб з вёскі Слабодка, унікальныя артэфакты з гарадзішча Маскавічы – косці жывёл з малюнкамі і рунічнымі надпісамі…

Калекцыя музея расказвае аб магдэбургскіх мясцінах Браслаўшчыны, падзеях паўстанняў 1794, 1830 і 1863-1864 гадоў, насычанай гісторыі краю ў гады Першай сусветнай вайны… Асобная зала прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў музеі захоўваецца калекцыя работ вядомага беларускага мастака Пятра Сергіевіча.

Дзе: вул. Энгельса, 39

Музей традыцыйнай культуры

На беразе возера Дрывяты ў будынку старога млына, пабудаванага ў пачатку XX стагоддзя, размясціўся Музей традыцыйнай культуры. Ён вырас з Браслаўскага дома рамёстваў, які быў заснаваны ў 1991 годзе. Экспазіцыя прысвечана самабытнасці азёрнага краю: народнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, рамёствам, побыту браслаўчан у даўнія часы.

У калекцыі – некалькі асноўных раздзелаў: старадаўнія традыцыі пляцення (з лазы, саломы), "Разьба Браслаўшчыны", ткацкая майстэрня. Асобнае месца займае ганчарная майстэрня, дзе можна даведацца аб гісторыі гэтага рамяства на браслаўскіх землях, паглядзець на керамічныя прадметы, характэрныя для поўначы Беларусі. Ёсць магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах па апрацоўцы гліны, рабоце з ганчарным кругам і абпальванні гатовых вырабаў.

У выставачных залах арганізуюцца выстаўкі народных рамёстваў, работ мастакоў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама пры музеі ёсць сувенірная крама, дзе можна купіць памятныя рэчы.

Дзе: вул. Гагарына, 7

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: