26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сербія заўсёды будзе аказваць падтрымку Беларусі, заявіў сёння журналістам старшыня ўрада Сербіі Аляксандр Вучыч па выніках перагавораў з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для нас асабліва важным з'яўляецца той факт, што Беларусь паважае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Сербіі, ва ўсіх міжнародных арганізацыях і ўстановах аказвае поўную падтрымку краіне. Сербія, са свайго боку, заўсёды і ў любым месцы акажа падтрымку Беларусі", - адзначыў Аляксандр Вучыч.
Старшыня ўрада Сербіі адзначыў працяглую і шчырую дружбу краін, высокі ўзровень міждзяржаўных адносін. На яго думку, добрыя палітычныя адносіны будуць садзейнічаць павелічэнню тавараабароту, прыцягненню беларускіх інвестыцый у Сербію, а сербскіх - у Беларусь.
Аляксандр Вучыч таксама паведаміў, што Сербія накіроўвала запрашэнні і разлічвае на візіты Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. Сербія таксама гатова прыняць прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і спадзяецца на павелічэнне турыстычнага патоку паміж краінамі. "Мы хочам прадоўжыць наша супрацоўніцтва на самым высокім узроўні", - рэзюмаваў старшыня ўрада Сербіі.