24 верасня, Ляскавічы /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Міжнародны
фестываль "Кліч Палесся" яскрава дэманструе самабытнасць беларускай культуры. Такое меркаванне выказаў 24 верасня журналістам у аграгарадку Ляскавічы, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр культуры Барыс Святлоў.У свеце ідуць працэсы глабалізацыі ў розных сферах, у тым ліку ў культуры. "Каб зразумець, чым мы, беларусы, адрозніваемся ад астатніх краін, нам патрэбны менавіта такія святы культурна-этнаграфічнай накіраванасці", - адзначыў міністр.
Барыс Святлоў упэўнены, што, нягледзячы на існуючыя тэндэнцыі нівеліравання культурнай прасторы пад так званыя ўсходнюю або заходнюю культуры, вяртанне да сваіх вытокаў непазбежна. "Як гэта адбываецца, мы бачым сёння на прыкладзе фестывалю "Кліч Палесся", - падкрэсліў ён.
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" прайшоў у аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўскі раён) чацвёрты раз. У мерапрыемствах прынялі ўдзел творчыя калектывы, рамеснікі з блізкага і далёкага замежжа, з Беларусі, у тым ліку з васьмі раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, калектыў Нацыянальнага парку "Прыпяцкі".
На свяце прайшоў фестываль юных майстроў
"Перазвон талентаў" з удзелам дзяцей, якія дэманструюць розныя віды рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта мерапрыемства павінна прыцягнуць увагу да ідэі захавання самабытнай культуры праз бесперапыннасць перадачы традыцый ад старэйшага пакалення малодшаму.Галоўныя мэты фестывалю - захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Палесся, падтрымка гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне сувязей жыхароў палескіх раёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця культурна-гістарычнага і экалагічнага турызму.
Упершыню "Кліч Палесся" быў праведзены ў 2010 годзе.