5 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас
Мадура разлічвае на перазапуск беларуска-венесуэльскіх дамоўленасцей у розных сферах. Аб гэтым ён заявіў сёння на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Венесуэльскі лідар падкрэсліў, што ён і яго дэлегацыя адчуваюць сябе ў Беларусі як дома, таму што прыехалі ў госці да сапраўдных сяброў. "Гэты шлях мы пачалі разам з нашым камандантэ Уга Чавесам, ён называў гэты шлях у новы свет - шлях тых, хто хоча міру і выступае за супрацоўніцтва, дзе прэваліруюць каштоўнасці цывілізаванага свету", - адзначыў ён.
Нікалас Мадура расказаў, што на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Беларусі бакі абмеркавалі самыя розныя напрамкі супрацоўніцтва. "Мы не ідзём ад нуля (у развіцці супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА), мы ідзём у новы этап, і паміж намі існуе вялікі давер ва ўсіх галінах, у тым ліку харчовай, сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлі, будаўніцтве жылля", - сказаў Прэзідэнт Венесуэлы.
Венесуэльскі лідар канстатаваў, што яго краіна апошнім часам перажывала даволі цяжкі перыяд, але цяпер Венесуэла знаходзіцца ў добрай кропцы для аднаўлення і росту эканомікі. "Гэта менавіта той ключавы момант, каб зноў запусціць нашы праекты і работу, якая накіравана на канкрэтныя галіны, у тым ліку ў сферах палітыкі і дыпламатыі, а таксама па канкрэтных напрамках у эканоміцы, індустрыі, нафтапрамысловасці. Нам трэба зноў аднавіць нашы энергетычныя дамоўленасці ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі", - заявіў Нікалас Мадура.
"Гэты візіт павінен надаць імпульс новаму этапу, каб развіць рэальную эканоміку ў Беларусі і Венесуэле", - дадаў Прэзідэнт Венесуэлы.
У сваёй заяве па выніках перагавораў венесуэльскі лідар яшчэ раз падзякаваў Беларусі за супрацоўніцтва і салідарнасць ва ўмовах процістаяння Венесуэлы націску з боку знешніх сіл.
Ён расказаў, што пры рэалізацыі новага плана па аднаўленні росту і развіцця рэальнага сектара эканомікі Венесуэла разлічвае на дапамогу і падтрымку Беларусі. "Для таго, каб рэалізаваць гэта, мы апіраемся на Беларусь і прыцягваем яе, каб супрацоўнічаць. Мы ведаем тую працаздольнасць, жалезную волю і дысцыпліну, якой валодаюць беларусы", - адзначыў Нікалас Мадура.
"Думаю, што рашэнне пачаць новы этап работы ў галіне энергетыкі, фінансавай сферы, прамысловай, сельскагаспадарчай галінах, будаўніцтве, машынабудаванні, грунтуючыся на тым поспеху, якога мы ўжо дасягнулі, гэта найлепшае рашэнне, якое мы маглі прыняць. Мы павінны развіваць яго на практыцы", - падкрэсліў Прэзідэнт Венесуэлы.
"Я вельмі шчаслівы, таму што ведаю, што Аляксандр Лукашэнка, урад і народ Беларусі з'яўляюцца шчырымі і сапраўднымі сябрамі Венесуэлы. І няма ніякіх цяжкасцей, калі сябры аб'ядноўваюць свае намаганні", - рэзюмаваў Нікалас Мадура.