8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаноўкі спектакляў на ўсходнюю тэматыку бяспройгрышныя. Такое меркаванне сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА выказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, адказваючы на пытанне аб пастаноўцы балета "Каханне і смерць", аўтарам якога з'яўляецца кампазітар, спявак, акцёр, грамадскі і палітычны дзеяч народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль аглы.
"Наш тэатр не ўпершыню звяртаецца да класічнай музыкі азербайджанскага народа. Некалькі гадоў таму мы ўпершыню паставілі балет "Сем прыгажунь" на музыку азербайджанскага класіка Кара Караева. Беларускі спектакль быў паказаны ў Баку, і ад яго бакінская публіка была ў захапленні. Менавіта тады і з'явілася ідэя паставіць яшчэ адзін балет", - расказаў Уладзімір Грыдзюшка.
Паводле яго слоў, у тэатры пераканаліся, што пастаноўкі спектакляў на ўсходнюю тэматыку бяспройгрышныя - яны заўсёды карыстаюцца папулярнасцю ў гледача. На гэта творчы калектыў разлічвае і цяпер. "Палада Бюльбюль аглы ведаюць абсалютна ўсе ў нас у Беларусі, ён дарагі і блізкі кожнаму гледачу, незалежна ад узросту. Многія выраслі на яго мелодыях, на яго песнях, у тым ліку для кінафільмаў, - падкрэсліў гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. - Музыка Палада, які з'яўляецца вучнем знакамітага кампазітара Кара Караева, блізкая і зразумелая людзям".
Уладзімір Грыдзюшка таксама адзначыў, што пасля азнаямлення з музыкай Палада Бюльбюль аглы для балета "Каханне і смерць" у тэатры былі ўражаны тым, наколькі яна яркая, змястоўная, прыгожая. Таму нават не было сумненняў, што ўсё атрымаецца, будзе пастаўлены цудоўны спектакль.
Прэм'ерныя паказы балета "Каханне і смерць" у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі запланаваны на 11 і 12 чэрвеня. Пастаноўку прадставяць у час "Балетнага лета ў Вялікім", а потым гледачы ўбачаць яе 28 чэрвеня: балет завершыць 83-і тэатральны сезон. У аснове балета - нацыянальны азербайджанскі эпас "Кітабі Дэдэ Коркуд". Ён па праву лічыцца адным з лепшых узораў старажытных помнікаў сусветнай пісьмовай літаратуры і ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай духоўнай спадчыны ЮНЕСКА.
Над балетам "Каханне і смерць" Палада Бюльбюль аглы ўжо больш за год працуе міжнародны творчы калектыў. Гэта балетмайстар-пастаноўшчык - харэограф Вольга Костэль, дырыжоры-пастаноўшчыкі Эйюб Куліеў (Азербайджан) і Андрэй Іваноў (Беларусь), мастак-пастаноўшчык - Аляксандр Касцючэнка, мастак па касцюмах - Кацярына Булгакава, навуковы кансультант - доктар мастацтвазнаўства Улькяр Аліева (Азербайджан), дырыжор - Алег Лясун (Беларусь).