28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XIII Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" пройдзе з 25 па 29 чэрвеня 2015 года ў горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.
Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, папулярызацыю народнай творчасці і традыцый. У 2015 годзе фестываль пройдзе пад дэвізам "Фестываль дружбы - за мір і згоду без межаў".
За дванаццацігадовую гісторыю ўдзельнікамі фестывалю сталі творчыя калектывы з Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, Ганы, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Швецыі і Эстоніі.
Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца творчыя калектывы, у рэпертуары якіх адлюстраваны нацыянальныя культурныя традыцыі краiны.
Выступленні на фестывалі не маюць конкурснага характару і праходзяць пад дэвізам роўнай значнасці і мастацкай каштоўнасці яго ўдзельнікаў, нацыянальных культур і традыцый. Згодна з праграмай фестывалю калектывы прымуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці і закрыцці фестывалю, у святочным тэатралізаваным шэсці па вуліцах горада, у канцэртах і творчых сустрэчах на прадпрыемствах горада і ў аграгарадках, у выстаўцы-прэзентацыі нацыянальнага сувеніра, выстаўцы-конкурсе "Вянок, як сімвал фестывалю - у падарунак фестывалю", у вечары дружбы з прэзентацыяй нацыянальных пачастункаў. Удзельнікі фестывалю азнаёмяцца з гісторыяй горада і наведаюць Бабруйскі краязнаўчы музей і Бабруйскі мастацкі музей.
Фестываль арганізуюць і праводзяць Магілёўскі абласны, Бабруйскі гарадскі выканаўчыя камітэты сумесна з Міністэрствам культуры Беларусі і Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|