9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісных і графічных твораў па выніках творчай паездкі беларускіх мастакоў у Індыю "IND-БЕЛ-ART" адкрыецца 10 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Група беларускіх мастакоў - Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Дар'я Бунеева і Вера Ягоўдзік - у лютым бягучага года зрабіла творчую паездку ў Індыю. Арганізатарамі праграмы, якая была прымеркавана да юбілею ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Індыі, выступілі пасольства Індыі ў Беларусі, Індыйскі савет па культурных сувязях і Беларускі саюз мастакоў.
За час паездкі мастакі пабывалі не толькі ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі, але і ў рэгіёнах - у гарадах Кочы, Мумбай і Аўрангабад і інш. Праграма ўключала знаёмства з найбольш знакавымі архітэктурнымі помнікамі (Тадж-Махал, Элора, Аджанта і інш.), наведванне музеяў, галерэй, профільных навучальных устаноў, а таксама сустрэчы з індыйскімі мастакамі.
Вынікам паездкі стала выстава "IND-БЕЛ-ART", дзе будуць прадстаўлены работы мастакоў - удзельнікаў праграмы. Акрамя таго, на выставе наведвальнікі змогуць убачыць экспанаты, прадастаўленыя пасольствам Індыі ў Беларусі: сары, статуэткі, посуд і інш.