19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кірмаш "Свята хлеба" ўпершыню пройдзе ў Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КУП "Мінскхлебпрам".
Свята хлеба адбудзецца 5 верасня ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага. Сваю прадукцыю (хлеб, хлебабулачныя і мучныя кандытарскія вырабы) жыхарам і гасцям сталіцы прадставяць шэсць прадпрыемстваў КУП "Мінскхлебпрам". Таксама ўсе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць ў майстар-класах, у час якіх спецыялісты навучаць ляпіць мудрагелістыя фігуры з коржавага цеста і масцікі, гатаваць слоенае цеста.
Акрамя таго, наведвальнікаў кірмашу чакае забаўляльная праграма з конкурсамі, песнямі і танцамі. Госці мерапрыемства змогуць выпрабаваць удачу з дапамогай латарэі, упрыгожыць дарожкі парку сваімі малюнкамі і нават "сабраць" сямейную піцу.
Ужо 19 верасня ў Мінску стартуе сезон сельскагаспадарчых кірмашоў, якія будуць праходзіць кожныя выхадныя аж да 1 лістапада. Агульнагарадскія кірмашы, у якіх прымуць удзел прадпрыемствы сельскагаспадарчай і харчовай прамысловасці, фермеры, рыбгасы з розных рэгіёнаў краіны, адбудуцца на пляцоўцы каля комплексу "Чыжоўка-Арэна".
Таксама кірмашы пройдуць у выхадныя ва ўсіх адміністрацыйных раёнах горада. На іх можна будзе набыць агародніну ўраджаю 2015 года, кансерваваную прадукцыю, мяса, каўбасныя вырабы, рыбу, мёд, малочную прадукцыю, нехарчовыя тавары.