15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэпрадукцыі 30 карцін Мікалая Селешчука склалі экспазіцыю выстаўкі ў Мінску пад адкрытым небам, якая пачала работу на плошчы Якуба Коласа 14 мая. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары праекта.
Чацвёртая экспазіцыя выставачнага праекта "Мастак і горад" прысвечана творчасці аднаго з першых беларускіх сюррэалістаў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалая Селешчука.
На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі карцін Мікалая Селешчука з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава і прыватных калекцый. Экспазіцыя будзе суправаджацца тэкставым апісаннем на трох мовах - рускай, беларускай і англійскай. У ліку прадстаўленых работ наведвальнікі выстаўкі ўбачаць рэпрадукцыі такіх твораў майстра, як "Хроніка аднаго вечара", "Партрэт дзяўчынкі", "Дарога дадому" і інш.
Мікалай Селяшчук - яркі самабытны мастак Беларусі ХХ стагоддзя, ілюстратар, прыкметная фігура школы беларускага сюррэалізму. Яго называлі "першапраходцам", "наватарам", беларускім Сальвадорам Далі. Работы мастака былі не раз адзначаны на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выяўленчага мастацтва. У 1989 годзе Мікалай Селяшчук быў удастоены медаля і дыплома біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе. У 1992 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Мастак трагічнай пайшоў з жыцця з 1996 годзе ў Італіі.
Праект "Мастак і горад" чацвёрты год запар рэалізуецца ў беларускай сталіцы пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У гэтым годзе ініцыятарам праекта выступілі агенцтва сацыяльнага маркетынгу Grand BS і Цэнтр сучасных мастацтваў. Генеральным партнёрам другі год запар выступае Банк ВТБ.
Выстаўка рэпрадукцый карцін Мікалая Селешчука пройдзе ў Мінску пад адкрытым небам па 10 верасня.
У папярэднія гады праект "Мастак і горад" знаёміў з работамі Марка Шагала, Казіміра Малевіча і беларускіх авангардыстаў.