30 мая, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Вялікі опэн-эйр Vitebsk Dance Night адкрые новую пляцоўку Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" каля Летняга амфітэатра. Аб гэтым паведаміў 30 мая журналістам дырэктар форуму, кіраўнік Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ) Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Навінак на юбілейным фестывалі будзе даволі шмат, і Vitebsk Dance Night абяцае стаць адной з гарачых падзей. "Мы задумваем цікавае мерапрыемства для моладзі каля Летняга амфітэатра. Гэта начная дыскатэка з удзелам самых вядомых дыджэяў з усяго свету, якая пачнецца адразу ж пасля заключнага акорда гала-канцэрта закрыцця фестывалю", - растлумачыў Аляксандр Сідарэнка.
Для гэтага будзе ўстаноўлена спецыяльная летняя сцэна на тэрыторыі культурна-спартыўнага комплексу, а ўся пляцоўка былых тэнісных кортаў ператворыцца ў вялікую танцпляцоўку ў праменях лазернага шоу.
Акрамя таго, на вуліцах горада і яго адкрытых пляцоўках пройдзе шмат бясплатных мерапрыемстваў: фестываль пастаянна становіцца ўсё больш даступным для шырокага кола гледачоў. Адным з такіх унікальных праектаў у гэтым годзе стане святочнае шэсце артыстаў і музыкантаў, спевакоў і танцораў, якое завершыцца цырымоніяй уздыму фестывальнага сцяга каля Летняга амфітэатра.
XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня (дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 12-13 і 19-20 ліпеня).