Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Жнв 2014

Новы турыстычны маршрут з'явіцца да Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы турыстычны маршрут з'явіцца да Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова.

Заслаўе будзе прымаць гасцей свята ўжо другі раз. Як растлумачыла Святлана Карташова, Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў першую нядзелю верасня, аднак у гэтым годзе мясцовыя ўлады разлічваюць арганізаваць пазнавальную і забаўляльную праграму на працягу двух дзён - 6 і 7 верасня.

Святочнае дзеянне разгорнецца адначасова на некалькіх пляцоўках. Гасцей мерапрыемства запросяць у літаратурныя і музычныя майстэрні, на прэзентацыі СМІ і выдавецтваў, будзе працаваць асобная тэматычная пляцоўка для дзяцей. Святочную экспазіцыю падрыхтуе гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе". Госці і жыхары горада змогуць азнаёміцца з выстаўкай паштовак і фатаграфій з калекцыі беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. Акрамя таго, у горадзе будуць працаваць дадатковыя гандлёвыя кропкі, выстаўка вырабаў народнай творчасці і горад майстроў.

Асаблівасцю сёлетняга святкавання Дня беларускага пісьменства стане прэзентацыя аграсядзіб. Прадстаўнікі суб'ектаў турбізнесу раскажуць аб магчымасцях адпачынку ў вёсцы і новых турыстычных комплексах. Да свята распрацаваны новы кальцавы турыстычны маршрут, які ахоплівае ўсе асноўныя выдатныя мясціны горада, у тым ліку Спаса-Праабражэнскі храм, гарадскі вал, гістарычную частку горада. Раней галоўны гарадскі турмаршрут пралягаў у асноўным па вуліцы Замкавай. "У наступным годзе споўніцца 1030 гадоў з дня заснавання Заслаўя. У час падрыхтоўкі да мерапрыемства горад прыкметна змяніўся, і мы чакаем вялікую колькасць турыстаў не толькі ў Дзень беларускага пісьменства, але і на працягу ўсяго Года гасціннасці", - адзначыла Святлана Карташова.

Да Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі з'явіцца некалькі новых аб'ектаў. Так, да адкрыцця рыхтуюцца помнік заснавальніку горада князю Ізяславу, дзіцячы парк культуры і адпачынку са штучным вадаёмам і іншыя аб'екты. Да свята абнавілі чыгуначны вакзал, амфітэатр на Цэнтральнай плошчы, Дом культуры "Світанак" і Дом быту. Да новага навучальнага года капітальны рамонт зроблены ў 5 установах дашкольнай адукацыі, 2 школах і гарадской гімназіі.

Дзень беларускага пісьменства - нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Свята праходзіць штогод у першую нядзелю верасня.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады ён адзначаўся ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Каменцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі