10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На галоўную ёлку ў Палац Рэспублікі запрошаны 2 тыс. 370 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аб гэтым расказала сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Марыі Саротнік, на галоўнае дабрачыннае навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі запрошаны дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з сем'яў бежанцаў, навучэнцы - пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце.
Перад пачаткам паказу дзеці змогуць палюбавацца на самыя цікавыя, яркія дзіцячыя работы рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу "Калядная зорка". Адзначым, што 17 снежня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі можна будзе ўбачыць прадстаўленыя дзецьмі з усіх рэгіёнаў краіны работы. У праграме адкрыцця - майстар-класы, навагоднія сюрпрызы, падарункі, інтэрактыўныя навагоднія гульнявыя праграмы. Рэспубліканская выстаўка-конкурс - вынік правядзення рэгіянальных этапаў, якія прайшлі ў кожнай абласной установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі. На выстаўцы-конкурсе прадстаўлена больш за 600 індывідуальных і калектыўных творчых работ навучэнцаў з усіх куткоў краіны.
Трапіць на навагоднія мерапрыемствы можна ўжо з 12 снежня - Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі запрашае дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў на музычна-забаўляльную праграму "Шар-шоу", 19 снежня - на спектакль "Ружовы банцік" узорнага тэатра "ТЮТ" і канцэртную праграму "Навагодні серпанцін" харэаграфічнага ансамбля "Смайлікі", а 16 снежня гасцямі цэнтра стануць пераможцы і прызёры рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнскай моладзі "Мае землякі - мой гонар" у рамках рэспубліканскай акцыі "Жыву ў Беларусі, тым ганаруся". З 19 снежня будуць арганізаваны выязныя навагоднія віншавальныя праграмы для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў медыцынскіх установах Мінска.
Актыўны ўдзел у розных рэгіянальных дабрачынных праграмах прымаюць студэнты. Так, напрыклад, у Брэсцкай вобласці ў Дзівінскі дзіцячы дом прыедуць студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яны правядуць для дзяцей навагодні паказ і конкурсы, арганізуюць святочную дыскатэку з уручэннем падарункаў. А ў Віцебскай вобласці чакаецца адкрыццё музейнага пакоя "Беларуская хатка" і гульнявой пляцоўкі, абсталяванай у этнаграфічным стылі. У Гомельскай вобласці работнікамі і вучнямі-валанцёрамі для хлопчыкаў і дзяўчынак будуць арганізаваны гульнявыя пляцоўкі "У гасцях у казкі". У Гродзенскай вобласці на базе дзіцячага аздараўленчага лагера "Зорка" адкрыты маёнтак Дзеда Мароза, у якім пройдуць навагоднія ранішнікі для дзяцей. У Мінскай вобласці вучні Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната прымуць удзел у Дзіцячым калядным балі - свяце, дзе маленькія дамы і кавалеры перажывуць чароўныя хвіліны ў якасці гасцей Мірскага замка. Акрамя старадаўніх танцаў, якім дзяцей навучаць "княжацкія прыдворныя", баль будзе насычаны сярэдневяковымі гульнямі і конкурсамі. Яркім акцэнтам святочных мерапрыемстваў у Магілёўскай вобласці стане дабрачынная акцыя "Сагрэем дзіцячыя сэрцы", арганізатарам якой з'яўляецца Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Традыцыяй стала абавязковае ўручэнне гасцям маленькіх сувеніраў, зробленых рукамі дзяцей. У гэтай вобласці аб'яднанні па інтарэсах функцыянуюць на базе дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Менавіта там - у сямейнай групе - сумесна з бацькамі-выхавальнікамі ў сакрэце рыхтуюцца падарункі для любімых гасцей, якія потым стануць радаваць іх у рабочых кабінетах і нагадваць аб дзіцячым свяце.
Адзначым, што на 1 студзеня 2015 года ў Беларусі на выхаванні ў сем'ях грамадзян знаходзяцца 17 тыс. 234 дзіцяці-сіроты і дзіцяці, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 9 тыс. 740 - у 8 тыс. 87 апякунскіх сем'ях, 5 тыс. 861 - у 3 тыс. 645 прыёмных сем'ях, 1 тыс. 633 - у 243 дзіцячых дамах сямейнага тыпу.