26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны штомесяц наведваюць больш як 30 тыс. чалавек. Аб гэтым паведаміла сёння на калегіі Міністэрства культуры першы намеснік міністра Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрыццё новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 2 ліпеня 2014 года стала знакавай падзеяй у жыцці краіны, адзначыла Ірына Дрыга. У яго экспазіцыі актыўна выкарыстоўваюцца мультымедыйныя тэхналогіі.
Рэзананс у грамадстве атрымаў рэалізаваны ў мінулым годзе Беларускім музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Цэнтральным музеем Вялікай Айчыннай вайны Масквы сумесны выставачны праект "Пераможцы - у творчасці разам!". Працягам сумеснай працы стане адкрыццё ў Маскве 28 красавіка бягучага года выстаўкі "У барацьбе супраць нацызму мы былі разам", прысвечанай 70-й гадавіне Перамогі.
Ірына Дрыга таксама адзначыла, што мэтанакіраваную работу па патрыятычным выхаванні вядзе мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". У 2014 годзе ў Брэсцкай крэпасці падрыхтавана экспазіцыя "Музей вайны - тэрыторыя міру", калектыў стваральнікаў якой адзначаны спецыяльнай прэміяй кіраўніка дзяржавы.