27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мелодыя і прыпеў беларускай песні "Гісторыя майго жыцця" на "Еўрабачанні-2017" прысніліся ўдзельніку групы NAVIBAND і аўтару гэтай песні Арцёму Лук'яненку. Аб гэтым ён расказаў у інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале "Сталічнае тэлебачанне", паведамляе БЕЛТА.
"У мяне ёсць такая прывычка - заўсёды трымаць пры сабе дыктафон. Радкі могуць прыйсці нечакана. Крыху мелодыі і прыпеву (песні "Гісторыя майго жыцця". - Заўвага БЕЛТА) мне, сапраўды, прысніліся. Я прачнуўся, наспяваў яе, і зноў заснуў", - расказаў спявак.
Ён адзначыў, што ўсе словы і песня потым былі напісаны адным махам. "Магчыма, так і нараджаюцца песні, якія могуць зачапіць людзей", - упэўнены Арцём Лук'яненка.
Як паведамлялася, пуцёўку на "Еўрабачанне-2017" ад Беларусі выйграла група NAVIBAND. Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук выканаюць песню "Гiсторыя майго жыцця" на беларускай мове. Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ва ўкраінскай сталіцы з 9 па 13 мая.