15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі выйшла наперад у матчы з тэнісістамі Латвіі ў другой групе Еўра-Афрыканскай зоны розыгрышу Кубка Дэвіса, які пачаўся ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першымі на корт выйшлі Ілья Івашка (242-і нумар сусветнага рэйтынгу) і Марцінш Подзуш (769). З самага пачатку гульні завязалася ўпартая барацьба, у якой больш дакладным і ўпэўненым быў Івашка, ён у выніку выйграў паядынак у трох сэтах - 6:4, 6:2, 7:5. Зборная Беларусі павяла ў матчы з лікам 1:0.
Другімі на адкрытым корце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе згуляюць беларус Яраслаў Шыла (741) і латыш Мікеліс Ліб'еціс (475).
У другі гульнявы дзень, 16 ліпеня, адбудзецца парная сустрэча. Капітан беларускай каманды Уладзімір Валчкоў заявіў на яе Аляксандра Бурага і Андрэя Васілеўскага, а яго латвійскі калега Карліс Лейніекс разлічвае на тандэм Яніс Подзуш і Рудольф Медніс.
У заключны дзень спаборніцтваў, 17 ліпеня, адбудуцца яшчэ два адзіночныя паядынкі: Ілья Івашка - Мікеліс Ліб'еціс, Яраслаў Шыла - Марцінш Подзуш.
Згодна з рэгламентам Кубка Дэвіса ў другі і трэці дні капітаны каманд маюць права зрабіць замены.
Раней зборныя Беларусі і Латвіі яшчэ ні разу не сустракаліся паміж сабой у розыгрышы Кубка Дэвіса. У сусветным камандным рэйтынгу беларусы займаюць цяпер 45-е месца, латвійцы знаходзяцца трыма радкамі ніжэй.