25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Культурныя мерапрыемствы ў гонар 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай айчыннай вайне пройдуць на працягу года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Аб гэтым ішла сёння размова на пасяджэнні міжведамаснай камісіі па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказала начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская, у гэтым годзе Мінкультам сумесна з зацікаўленымі ведамствамі запланаваны шэраг яркіх мерапрыемстваў. Так, на 5-6 мая намечана ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў "Не старэюць душой ветэраны". "Гэты год асаблівы - мы адзначаем 70-годдзе Перамогі, таму фестываль павінен прайсці на высокім арганізацыйным і творчым узроўні. Да ўдзелу ў ім могуць падключыцца выканаўцы з усіх рэгіёнаў краіны", - дадала Наталля Задзяркоўская.
З 1 верасня 2015 года па 25 сакавіка 2016 года запланаваны абласныя і мінскі гарадскі туры фестывалю "Не старэюць душой ветэраны". Заключны канцэрт адбудзецца напярэдадні 9 мая 2016 года. Традыцыйна ў фестывалі прымаюць удзел як калектывы аматарскай творчасці, так і асобныя выканаўцы.
Што датычыцца аказання культурных паслуг, то Наталля Задзяркоўская адзначыла, што сярод пажылых людзей, ветэранаў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца клубныя ўстановы, у прыватнасці дамы культуры, і бібліятэкі. У сувязі з гэтым Міністэрства культуры плануе закупіць для бібліятэк тыфлаабсталяванне, якім змогуць скарыстацца людзі са слабым зрокам.